Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы наведаў Жыровіцкі манастыр і Мінскую духоўную семінарыю
09 снежня 20209 снежня 2020 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін наведаў Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр і Мінскую духоўную семінарыю.
Свой візіт на Жыровіцкую зямлю ўладыка Веніямін пачаў з малітвы, здзейсніўшы Бажэственную літургію ў Успенскім саборы манастыра. Патрыяршаму Экзарху саслужылі клірыкі Навагрудскай епархіі іерэй Алег Пачкоўскі і дыякан Яўген Васілеўскі.
У вучэбным корпусе семінарыі з дапамогай відэаканферэнцсувязі мітрапаліт Веніямін прачытаў лекцыю для студэнтаў завочнай формы навучання ў рамках спецкурсу «Маральныя праблемы сучаснага грамадства» і правёў заліковую атэстацыю ведаў.
У перапынку паміж лекцыямі ўладыка Экзарх пагутарыў з адміністрацыяй і выкладчыкамі за чаяваннем. Уладыка пацікавіўся станам здароўя выкладчыкаў і студэнтаў, агульным ходам адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, падзяліўся асабістым вопытам зносін з грэчаскімі праваслаўнымі багасловамі. Падчас гутаркі абмяркоўваліся задачы і вынікі адукацыйнай дзейнасці духоўнай школы, праблемы паслядыпломнай адаптацыі выпускнікоў. Педагогі дзяліліся сваімі ўражаннямі ад зносін са студэнтамі. Па заканчэнні чаявання мітрапаліт Веніямін пакланіўся святыням семінарскага Трохсвяціцельскага храма.
Абедзенную трапезу мітрапаліт Веніямін падзяліў з семінарыстамі. Пасля традыцыйнага чытання настаўленняў святых айцоў уладыка звярнуўся да студэнтаў з архіпастырскім словам, у якім заклікаў іх падчас навучання ў духоўнай школе надаваць пастаянную ўвагу развіццю навыку засяроджанай малітвы, не спыняцца ў духоўным росце і гэтым падрыхтоўваць сябе да будучага служэння Царкве. Патрыяршы Экзарх адказаў на пытанні студэнтаў, якія тычыліся якасці вучэбных дапаможнікаў, планаў па арганізацыі навуковых форумаў, праходжання ваеннай службы, а таксама жыцця дзяржавы і грамадства і іншых тэм.