Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы ўзначаліў урачыстасці з нагоды святкавання 400-годдзя Куцеінскага манастыра ў горадзе Оршы

15 верасня 2023

top.jpg

15 верасня 2023 года ў горадзе Оршы прайшлі ўрачыстасці з нагоды 400-годдзя Свята-Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра.

У дзень свята ўрачыстасці пачаліся з Бажэственнай літургіі ў Свята-Троіцкім храме манастыра, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і епіскап Друцкі Яўсевій, вікарый Віцебскай епархіі.

Архіпастырам саслужылі адказны сакратар упраўлення спраў БПЦ протаіерэй Андрэй Волкаў, сакратар Віцебскай епархіі протаіерэй Уладзімір Разановіч, намеснік Свята-Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскім манастыра ігумен Ніл (Падабед), першы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі протаіерэй Канстанцін Ізафатаў і запрошаныя святары Віцебскай епархіі.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў мужчынскі хор пад кіраваннем Паўла Любамудрава.

На набажэнстве прысутнічалі старшыня Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Мароз і намеснік старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Віктар Калачоў.

На малым ўваходзе, зважаючы на руплівую працу на карысць Царквы Хрыстовай, намеснік манастыра ігумен Ніл (Падабед) быў уганараваны правам нашэння нагруднага крыжа з упрыгожваннямі.

Пасля патроенай екценні Патрыяршы Экзарх узнёс малітву аб аднаўленні міру.

Пропаведзь перад прычасцем прамовіў протаіерэй Вячаслаў Энухаў.

Пасля адпуста Бажэственнай літургіі архіепіскап Дзімітрый звярнуўся да Патрыяршага Экзарха з прывітальным словам, пасля чаго ў памяць пра падзею паднёс яго Высокапраасвяшчэнству Аршанскі абраз Прасвятой Багародзіцы.

Затым Мітрапаліт Веніямін прамовіў слова настаўлення. У дар старажытнаму манастыру была паднесена ікона Божай Маці.

Намеснік манастыра ігумен Ніл таксама павіншаваў уладыку Веньяміна са святам і ў памяць пра наведванне манастыра паднёс яму факсімільнае выданне «Буквара».

Затым, па хадайніцтве архіепіскапа Дзімітрыя, Мітрапаліт Веніямін уручыў царкоўныя ўзнагароды.

Усім прысутным было абвешчана мнагалецце.

На заканчэнне Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы падаў архіпастырскае благаславенне ўсім прысутным на святкаванні.

Працягнуліся юбілейныя ўрачыстасці пленэрам мастакоў і Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй «Куцеінскія чытанні», а таксама святочным канцэртам. У гонар падзеі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусі выпусціла паштовы блок.

***

Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр у горадзе Оршы быў заснаваны ў 1623 годзе. Будаўніцтва яго ўзначаліў іераманах Іаіль (Труцэвіч), які стаў пасля ігуменам манастыра. Сваю назву манастыр атрымаў па галоўным храму — Богаяўленскі, а таксама ад невялікай рэчкі Куцеінкі, якая працякае побач. З часам абіцель стала найбуйнейшым духоўным і культурным цэнтрам Беларусі, атрымаўшы высокі статус лаўры. Манастыр выступаў як мастацкі і рамесны цэнтр — пры ім працавалі ўмелыя майстры: разьбяры па дрэве, гравёры, чаканшчыкі, спецыялісты кафлянай справы, кнігадрукары, іканапісцы. Манахі манастыра ўнеслі значны ўклад у справу асветы, захавання духоўных і культурных традыцый славянскіх народаў.

Росквіт абіцелі прыйшоўся на першую палову XVII ст. Адным з першых манастырскіх храмаў з'явіўся Богаяўленскі сабор. Ён знаходзіўся ў цэнтры манастырскага архітэктурнага комплексу і ўяўляў сабой цудоўны твор драўлянага беларускага дойлідства. У чэрвені 1635 г. кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла асвяціў галоўны прастол у гонар Богаяўлення, а прыдзелы — у імя Архістратыга Міхаіла і Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. Пазней у лісце ён напіша: «Паглядзі яшчэ і на Белую Русь, там, пад Оршай, у Куцеінскім манастыры знойдзеш прынамсі 200 браціі, якія пераймаюць жыццё ангельскае».

Пад падмуркамі Богаяўленскага сабора на значнай глыбіні знаходзілася пячорная падземная царква ў гонар Уваскрашэння святога праведнага Лазара. Падчас моцнай навальніцы ў 1891 г. Богаяўленскі сабор быў спалены ударам маланкі.

Недалёка ад сабора была пабудавана драўляная царква ў гонар Сашэсця Святога Духа. З часам драўляны храм быў разабраны, і на яго падмурку пабудавалі каменны двухпавярховы храм з ніжнім прастолам у гонар Ражджаства Хрыстовага і верхнім — у гонар апостала Андрэя Першазванага. Пасля рэканструкцыі 1868 г. храм стаў аднапавярховым, з прастолам у імя Жыццепачатнай Троіцы.

Пры манастыры была адкрыта брацкая школа і ўласная друкарня. У 1630 г. у манастыр быў запрошаны друкар Спірыдон Собаль. Прыехаўшы ў Оршу, Спірыдон хутка наладзіў справу і ўжо ў 1630 г. надрукаваў «Ежа духоўная» і «Малітваслоў». У 1631 г. выйшла кніга, якая надоўга стала галоўным дапаможнікам для тых, хто вучыцца чытаць — «Буквар». Навучыўшы аршанскіх манахаў друкаванай справе, Спірыдон Собаль пакінуў Оршу. За 25 гадоў існавання гэтага культурнага цэнтра ў ім было выдадзена каля дваццаці розных кніг царкоўнага і навукова-асветніцкага характару, значнымі для таго часу накладамі — па 200-350 асобнікаў.

З пачаткам вайны Расіі з Рэччу Паспалітай ў 1654-55 гадах, па загадзе патрыярха Нікана, манахі Куцеінскага манастыра разам з друкарняй былі пераведзены ў Валдайскі Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, дзе імі было выдадзена яшчэ некалькі кніг. У 1665 годзе, па распараджэнні Нікана, друкарскае абсталяванне было перавезена ў Васкрасенскі манастыр пад Масквой. У 1676 годзе яно было аддадзена Маскоўскаму Друкаванаму двару.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года манастыр прыйшоў у запусценне. На тэрыторыі манастыра было створана Таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі. Рассыпаліся ад старасці або разбіраліся на цэглу манастырскія будынкі. Свята-Троіцкая царква была прыстасавана пад складскія памяшканні.

Новая гісторыя абіцелі пачалася з 1990 г., калі была зарэгістраваная прыходская абшчына. З 1992 г. манастыр стаў дзеючым. Пры садзейнічанні дзяржавы ў 1995 г. быў адрэстаўраваны Свята-Троіцкі храм. 10 кастрычніка 2014 г. у абіцель быў перанесены Аршанскі абраз Божай Маці (дзень памяці 5/18 верасня і 20 ліпеня/2 жніўня), які часова знаходзіўся ў Свята-Успенскім жаночым манастыры горада Оршы. Пры манастыры арганізавана нядзельная школа для дарослых і дзяцей, бібліятэка з чытальнай залай. 

Відэа: orshanka.by

Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте і Facebook,

глядзіце ў YouTube і TikTok

Фотарэпартаж