Прэмія «За духоўнае адраджэнне» прысуджана протаіерэю Алегу Абрамовічу з Нясвіжскага раёна
31 снежня 2020Прэмія «За духоўнае адраджэнне» прысуджана протаіерэю Алегу Абрамовічу з Нясвіжскага раёна. Указ аб гэтым падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Такое высокае грамадскае прызнанне святар атрымаў за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцяў сярод дзяцей і моладзі, арганізацыю дабрачыннай дзейнасці брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга.
Протаіерэй Алег Абрамовіч служыць настаяцелем Свята-Троіцкага храма вёскі Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У злётах моладзі, якія арганізуе протаіерэй Алег Абрамовіч пры Свята-Троіцкім храме ў Салтанаўшчыне, прымаюць удзел да 700 чалавек штогод. Для гэтага створаны ўсе ўмовы: праведзены капітальны рамонт і рэстаўрацыйныя работы ў парафіяльным храме, добраўпарадкавана прыходская тэрыторыя, пабудаваны комплекс з шасці будынкаў для размяшчэння ўдзельнікаў і гасцей. Праводзяцца спецыяльныя змены для жыхароў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, сірот, насельнікаў прытулкаў.
У 2017 годзе протаіерэй Алег прыклаў максімум сваіх уменняў і сіл па арганізацыі і правядзенні летняга злёту моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у якім прынялі ўдзел больш за 150 маладых людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі. У 2019 годзе пры актыўным удзеле святара быў праведзены пяты юбілейны епархіяльны злёт праваслаўнай моладзі Слуцкай епархіі «Соль зямлі». Усяго лагер у Салтанаўшчыне прыняў больш за 4 500 дзяцей.
Таксама святар з'яўляецца духаўніком брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга. Штогод разам з прыхаджанамі брацтва аказвае адрасную дапамогу людзям (каля 80 адрасоў) з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў Нясвіжы, Нясвіжскім і Слуцкім раёнах. Члены брацтва аказалі садзейнічанне Нясвіжскаму дому-інтэрнату ў арганізацыі моладзевага цэнтра і спартыўнага пакоя, а таксама заснавалі свой тэлефон даверу. Аб супрацоўніцтве Праабражэнскага брацтва і Нясвіжскага інтэрната быў зняты фільм, які стаў дыпламантам 16-га Міжнароднага фестывалю праваслаўнага кіно «Пакроў» (Кіеў) у кастрычніку 2018 года.
Дбайнасцю протаіерэя Алега Абрамовіча ў 2017 годзе ў Нясвіжы была ўтворана праваслаўная абшчына ў гонар Сабора Беларускіх святых. Пры парафіі дзейнічае цэнтр дапамогі насельніцтву. Адрасная група цэнтра — бежанцы, бяздомныя, людзі, якія прыбылі з месцаў пазбаўлення волі. Вядзецца кніга ўліку, з якой вынікае, што дапамога аказваецца больш за 600 грамадзянам штогод.
Протаіерэй Алег з'яўляецца таксама актывістам ветэранскага руху. За падтрыманне слаўных воінскіх традыцый і плённую працу ў справе патрыятычнага выхавання быў неаднаразова адзначаны ўзнагародамі і каштоўнымі падарункамі ад камандавання часці, ваеннага камісара Брэсцкага АГВК, Беларускага саюза афіцэраў і ветэранскіх арганізацый.
Протаіерэй Алег Абрамовіч жанаты і мае пецярых дзяцей.
Фота: hramsoltan.by
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь / Слуцкая епархія / Church.by