Адышоў да Госпада настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца» горада Мінска, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні БПЦ протаіерэй Кірыл Шолкаў

10 сакавіка 2023

top.jpg

10 сакавіка 2023 года падчас замежнай паездкі ў горад Вільнюс (Літва) на 51-м годзе жыцця раптоўна сканаў настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца» горада Мінска, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Кірыл Шолкаў.

Протаіерэй Кірыл Шолкаў нарадзіўся 28 мая 1972 года ў горадзе Мінску. У 1990 годзе скончыў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, у 1995 годзе — Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.

Багаслоўскую адукацыю атрымаў у Маскоўскіх духоўных семінарыі і акадэміі.

Абраўшы для сябе шлях служэння Богу ў свяшчэнным сане, 20 чэрвеня 2005 года быў рукапаложаны ў сан дыякана. З 2005 па 2008 гады служыў дыяканам у Мікольскім храме мікрараёна Сокал горада Мінска.

У 2008 годзе быў рукапаложаны ў сан іерэя. Нёс святарскі послух у Свята-Духавым кафедральным саборы і ў Васкрасенскім храме горада Мінска.

28 мая 2012 года быў прызначаны настаяцелем прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца» беларускай сталіцы.

Рашэннем Сінода Беларускага Экзархату ад 26 чэрвеня 2014 года быў прызначаны старшынёй Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы.

На працягу 10 гадоў айцец Кірыл рупліва працаваў на ніве пастырскага служэння, сумяшчаючы працу па арганізацыі прыходскага жыцця і будаўніцтве храма з актыўнай сацыяльнай і дабрачыннай дзейнасцю. Дзякуючы яго намаганням былі выбудаваны добрыя адносіны і плённае супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, ажыццёўлены шэраг сумесных ініцыятыў у галіне пастырскай апекі аб душах асоб, якія знаходзяцца ў медыцынскіх і сацыяльных установах.

У студзені 2022 года за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, самаадданую працу ў сферы асветы і царкоўнай дабрачыннасці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь протаіерэй Кірыл Шолкаў быў удастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Айцец Кірыл быў адзначаны шматлікімі царкоўнымі ўзнагародамі, у тым ліку — санам протаіерэя і правам нашэння нагруднага крыжа з упрыгожваннямі. 

Вечная памяць новаспачыламу протаіерэю Кірылу! 

Няхай прыме Гасподзь душу свайго вернага служыцеля і ўпакоіць яе у Нябесных Мясцінах!