Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка наведалі храм Архангела Міхаіла ў аграгарадку Ляскавічы

26 красавіка 2017

top.jpg

26 красавіка 2017 года, у гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Прэзідэнта Украіны Пятра Аляксеевіча Парашэнкі.

У першай палове дня Прэзідэнты наведалі ЧАЭС, дзе ўшанавалі памяць загінулых ліквідатараў і ўсклалі кветкі да «Сцяны памяці» мемарыяльнага комплексу «Героям Чарнобыля».

Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з будаўніцтвам новага бяспечнага ахоўнага збудавання і захоўваннем адпрацаванага ядзернага паліва. Ім падрабязна расказалі аб унікальнай тэхналогіі, выкарыстанай пры ўзвядзенні новага ўкрыцця, а таксама далейшых планах па забеспячэнні бяспекі на аб'екце.

Пасля наведвання станцыі Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка разам накіраваліся ў Беларусь для правядзення перамоў.

Кіраўнікі дзяржаў наведалі Міхайлаўскі храм у аграгарадку Ляскавічы, дзе іх сустрэў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід. Высокія госці запалілі свечкі ў памяць аб ахвярах Чарнобыльскай аварыі, а затым пагутарылі з мясцовымі жыхарамі.

Беларускі лідар назваў 26 красавіка цяжкім, памятным днём для народаў Беларусі і Украіны. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сітуацыя ў пацярпелых ад Чарнобылю раёнах паляпшаецца, хоць не абыходзіцца і без цяжкасцяў. Прэзідэнты выказалі намер абмеркаваць існуючыя праблемы, намеціць магчымыя шляхі іх вырашэння, што павінна паспрыяць павышэнню ўзроўню жыцця беларусаў і ўкраінцаў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях.

Падчас сустрэчы ў фармаце «адзін на адзін», а затым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый Прэзідэнты абмеркавалі актуальныя пытанні. У прыватнасці, былі абмеркаваны перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў, а таксама мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны.

Украінскі лідар падзякаваў Беларусі за прыкладзеныя міратворчыя намаганні. Ён падкрэсліў, што Мінскія пагадненні з'яўляюцца безальтэрнатыўным планам міру і стабільнасці ў яго краіне, і выказаў надзею на больш хуткае вырашэнне канфлікту.

Пётр Парашэнка запрасіў беларускага лідара здзейсніць летам афіцыйны візіт на Украіну, каб замацаваць дасягнутыя дамоўленасці.

Афіцыйны партал Прэзідента РБ / Сhurch.by