Прэзідэнт Беларусі на Ражджаство Хрыстова наведаў храм іконы Божай Маці «Дзяржаўная» Свята-Лізавецінскага манастыра

07 студзеня 2020

top.jpg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Ражджаство Хрыстова прыехаў у храм у гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» на тэрыторыі Свята-Лізавецінскага жаночага манастыра ў Мінску.

У храме Кіраўніка дзяржавы віталі выхаванцы нядзельнай школы манастыра, якія паднеслі яму букет кветак. Прэзідэнт у сваю чаргу ўручыў ім калядныя падарункі — кнігі аб праваслаўных святах і прысмакі.

Затым Аляксандр Лукашэнка па традыцыі запаліў калядную свечку.

Прэзідэнт у сваёй прамове звярнуўся не толькі да тых, хто прыйшоў у храм, але і да ўсіх, хто святкуе Ражджаство Хрыстова.

— Светлае, добрае свята, якое ўсяляе ў нашыя сэрцы веру, надзею, любоў і дабрыню. Мне здаецца, што гэты храм, гэтая абіцель, у якіх мы знаходзімся, і ёсць увасабленне гэтых добрых і светлых слоў, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў аб сваім навагоднім звароце, канкрэтызаваў яго:

— Я казаў аб тым, што год будзе няпростым. Год будзе для кагосьці цяжкім, для кагосьці не вельмі. Але будзе вельмі няпросты год. І нам трэба шмат зрабіць для таго, каб гэтак жа годна прайсці яго, захаваўшы нашу краіну, сваю незалежнасць.

— Але самае галоўнае, што было летась, гэта вялікі наш здабытак і дасягненне — мы захавалі мір і спакой на нашай зямлі. Мір міжканфесійны і міжнацыянальны — гэта тое, чым ганарыцца любая дзяржава, і перш за ўсё наша Беларусь, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў праваслаўным пастырам, як прадстаўнікам самай масавай канфесіі ў Беларусі, за мір і спакой, які пануе ў краіне.

— Вы ўнеслі вялікі ўклад у імя таго, каб мы жылі спакойна, гадавалі сваіх дзяцей. Усюды няпроста. Хто б як ні узьнімаў свае поспехі, заслугі і іншае (я аб'ехаў увесь свет), паверце, усюды няпроста. Гінуць людзі, гінуць дзеці. У нас таксама гэтага хапае. Але толькі па нашай бестурботнасці, а не таму, што намі кіруюць звонку і ствараюць звонку канфлікты і тыя сітуацыі, у якіх гінуць дзеці. Толькі па нашай бестурботнасці. Толькі таму, што мы пакутуем пэўнымі заганамі, якія вядуць да таго, што гінуць людзі і, на вялікі жаль, дзеці, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Ён перадаў у дар храму абраз «Ражджаство Хрыстова». Гэта пісаная ікона беларускага аўтара Андрэя Шчарбініна адлюстроўвае найвялікшую падзею — нараджэнне Богадзіцяці ў Віфлеемскай пячоры.

— Няхай яна будзе ў гэтым храме. Але абяцаю вам, што я ў гэты храм вярнуся ў гэтым годзе. На вялікі жаль, я не ведаў, што тут створаны такі вялікі набытак. Хачу падзякаваць усім за тое, што вы робіце тут. Ведаю, што вы працуеце, дапамагаеце тым, хто мае патрэбу ў гэтай дапамозе, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — У знак таго, што я своечасова не звярнуў увагі на гэтае месца, я абавязкова прыеду і пагляджу, што тут можна зрабіць. Таму што гэта тое, што мне падабаецца асабліва ў Царкве, калі прыходзяць у храм, манастыр людзі па сваёй волі — прыйшлі і робяць добрыя справы.

Дарэчы, першае, пра што спытаў Прэзідэнт, выйшаўшы з аўтамабіля па прыездзе да храма, гэта чым можна дапамагчы абіцелі. Асабліва дзяржава будзе і гатова ўдзельнічаць у падтрымцы дабрачыннай працы — дапамогі пажылым і адзінокім, нямоглым, усім, хто мае патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе.

У сваю чаргу духаўнік абіцелі протаіерэй Андрэй Лемяшонак адзначыў асаблівую радасць у вялікі і радасны дзень Ражджаства сустракаць у храме Кіраўніка дзяржавы.

Айцец Андрэй распавёў, што на месцы манастыра 20 гадоў таму нічога не было, акрамя пусткі. Не было ніякіх багатых спонсараў, але былі людзі, якія хацелі дапамагаць тым, хто трапіў у бяду.

— Тут вакол бальніцы, і людзям патрэбна радасць, прыгажосць. І таму створаны гэты храм, манастыр, і ўсё гэта рукамі нашых рабят, якія заканчвалі нашы ВНУ і нікуды не паехалі, засталіся тут, — адзначыў ён.

— Мы разумеем, наколькі цяжка Вам сёння весці нас наперад, даваць нам надзею на светлую будучыню. Яна ў нас ёсць і будзе. Таму, вядома, хацелася б пажадаць вам шмат сіл, здароўя. Таму што, як вы сказалі, нельга чакаць, што ўсё будзе прынесена на сподачку з блакітнай аблямоўкай. Усё трэба зарабляць, працаваць. І ўсё гэта перажыванне ў вашым сэрцы за ўвесь народ. Мы сапраўды молімся за Вас і шчыра хочам, каб у нас быў мір. Гэта самае галоўнае — каб было мірнае неба. Каб на нашай зямлі людзі адчувалі сябе свабодна, каб ім было добра, каб былі вялікія сем'і, шмат дзяцей, і ў гэтых сем'ях была любоў, — сказаў святар у адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Протаіерэй Андрэй Лемяшонак перадаў у дар Кіраўніку дзяржавы абраз святой прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай.

Прэзідэнт адзначыў, што многія да Новага года і Каляд прыносяць падарункі ў яго дом, якія ён у сваю чаргу перадае людзям.

— А такія падарункі ў Палацы Незалежнасці ў музеі размяшчаюцца. Прэзідэнт можа прымаць падарункі, але гэта не яго асабістыя — гэта дзяржаўныя — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

— Напярэдадні Новага года мне таксама падарылі нямала падарункаў. І тыя падарункі, якія падораны маёй маленькай сям'і, я абавязкова вам сёння да канца дня перадам. І яшчэ што-небудзь дадам, каб і сёстрам, і братам хапіла, і дзеткам. Дзякуй вам велізарны. Я абавязкова вярнуся ў бліжэйшы час — рэзюмаваў беларускі лідар.

У завяршэнне мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў прысутных у храме людзей, пажадаўшы ім здароўя.

Храм у гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» уваходзіць у склад манастырскага комплексу Свята-Лізавецінскага жаночага манастыра. Храм пабудаваны ў перыяд 2001-2007 гадоў уласнымі сіламі манастыра, пры актыўным удзеле працаўнікоў манастырскіх майстэрняў, і асвечаны 18 кастрычніка 2008 года мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, цяпер Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Сам жа манастыр у гонар святой прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы заснаваны ў 1999 годзе. Акрамя храмаў, розных майстэрняў манастыр мае ў прыгарадзе сваё падвор'е, дзе створаны цэнтр для апекі сацыяльна неабароненых людзей. Сёстры манастыра нясуць послух у Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, псіханеўралагічным інтэрнаце, у навукова-даследчым інстытуце пульманалогіі і фтызіятрыі ў Навінках.

БелТА / Church.by