Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі
23 сакавіка 2018Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі, Архіепіскапам Мцхецкім і Тбіліскім, Мітрапалітам Піцунды і Цхум-Абхазеці Іліёй II.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на ўсё жыццё запомніў словы Іліі II, сказаныя ў час мінулага прыезду Кіраўніка дзяржавы ў Грузію: «Як жа доўга мы вас чакалі тут».
«Я гэта помню і вельмі цаню тое, што вы заўсёды знаходзіце час сустрэцца са мной тут. А я вам абяцаю, што буду пастаянна прыязджаць у ваш цудоўны горад і краіну. І калі будзе на тое Божая воля і ваша, я абавязкова буду сустракацца з вамі. Для мяне гэта вялікая радасць і каштоўнасць. Вы вельмі паважаны чалавек не толькі ў Грузіі, але і ва ўсім праваслаўным свеце, і не толькі», - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт перадаў Іліі II прывітанне ад Мітрапаліта Філарэта і Мітрапаліта Паўла.
«Паміж нашымі народамі вельмі добрыя і цёплыя адносіны былі заўсёды. Вы для нас не чужыя людзі. Вы нашы сапраўдныя браты. І ў нас няма іншага выйсця, акрамя як будаваць самыя цёплыя і добрыя адносіны ўжо знаходзячыся не ў адной дзяржаве», - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, краіны вельмі шмат зрабілі за апошнія два-тры гады ў развіцці адносін, пабудавалі іх базу, падпісалі мноства дагавораў.
«Вы павінны ведаць, што мы заўсёды будзем з вамі побач. Мы гатовы падзяліцца з вамі ўсім тым, што ўмеем рабіць», - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў важную ролю царквы ў забеспячэнні адзінства грузінскага народа. «Я ўжо не гавару аб нядаўнім мінулым, у якім грузінская царква адыграла галоўную ролю ў захаванні дзяржаўнасці», - дадаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб сітуацыі ў рэгіёне і канфліктах, Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь выступае толькі за мірнае вырашэнне ўсіх праблем. Больш таго, неабходна ўстанаўліваць адносіны паміж канфліктуючымі бакамі, нягледзячы ні на якія рознагалоссі. «Яны могуць быць, былі і заўсёды будуць. Але пры гэтым трэба помніць, што за намі народы і яны хочуць жыць мірна і дружыць», - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У Беларусі будуць заўсёды імкнуцца падтрымліваць добрыя адносіны, у краіне захоўваюцца міжканфесійныя мір і згода, адзначыў Прэзідэнт. «Гэта наш брэнд, добрая рэклама нашай краіны - гэты мір і спакой. І мы будзем рабіць усё для таго, каб не толькі ў нашых суседзяў, але каб такі мір і спакой былі ў любой іншай дзяржаве. І гатовы ў гэтым напрамку зрабіць усё тое, што захочуць гэтыя дзяржавы, як гэта было і ў выпадку з Украінай», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Украіны, Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што народ гэтай краіны ў бліжэйшым будучым справіцца з існуючымі праблемамі. «Менавіта народ. Калі палітыкі не могуць, тады даводзіцца ўмешвацца народу. Гэта балюча, але, відаць, Украіна павінна перажыць і гэты этап», - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт дадаў, што любая вайна пачынаецца з маленькай бойкі, а потым перарастае ўжо ў вайну. «Таму ўсялякія такія сілавыя рухі трэба выкараняць і не дапускаць у грамадстве разладу», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Ілія II цёпла вітаў Кіраўніка беларускай дзяржавы і выказаў надзею, што адносіны дружбы паміж Беларуссю і Грузіяй будуць развівацца і ў будучым, набываць новыя формы. «Мы вельмі рады, што вы з намі, і спадзяюся, што будучыя адносіны будуць развівацца станоўча», - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка і Ілія II абмяняліся памятнымі падарункамі і запалілі свечку. Сын Прэзідэнта Беларусі Мікалай, які прысутнічаў на сустрэчы, выканаў на раялі серэнаду Шуберта. Ілія II сам піша музыку, і ўдзельнікі таксама паслухалі творы пад яго аўтарствам.
Напярэдадні сустрэчы з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі Іліёй II Кіраўнік беларускай дзяржавы ўсклаў кветкі да мемарыяла героям, загінулым за адзінства Грузіі.