Прыходскі тэатр з Бабруйска дорыць сваё мастацтва беларусам

24 студзеня 2018

top.jpg

Калядны спектакль «Аплачана шклянкай малака» прайшоў у цэнтры вольнага часу ў аграгарадку Чыркавічы Светлагорскага раёна 21 студзеня. Пастаноўку стварылі артысты праваслаўнага тэатра пры Лізавецінскім храме горада Бабруйска пад кіраўніцтвам рэжысёра Людмілы Трафімаўны Навумчык.

Чыркаўчане ўбачылі некалькі сюжэтных ліній, кожная з якіх пераклікаецца з пэўнай эпохай гісторыі чалавецтва. Сваё адлюстраванне на сцэне знайшлі час рымскага кесара Аўгуста, Вялікая Айчынная вайна, сучаснасць. Спектакль з элементамі мюзікла, балета, сучаснай харэаграфіі і іншых мастацкіх сродкаў змог закрануць патаемныя струны глядацкіх сэрцаў.

Артыстаў і гледачоў павіншаваў благачынны Светлагорскай акругі, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга ў горадзе Светлагорску протаіерэй Аляксандр Кісель.

— Рабяты з Бабруйска яшчэ раз нагадалі нам пра Ражджаство Хрыстова, аб вялікім цудзе: Хрыстос Збаўца нарадзіўся ў свет. Хлопцы казалі на Евангельскай мове аб дабры, міласэрнасці, спагадзе. Я веру ў тое, што пакуль нашы дзеці будуць казаць пра гэта, Евангельская ісціна аб Ражджастве Хрыстовым будзе вечна жыць у нашых сэрцах, — сказаў святар.

Словы падзякі выказаў настаяцель прыхода храма святых дванаццаці апосталаў у аграгарадку Чыркавічы архімандрыт Аляксій (Жэлянок):

— Нашы госці з Лізавецінскага храма горада Бабруйска праз тэатральную пастаноўку вучаць нас дабру. Мы бачым, як Сын Божы сышоў на зямлю, каб пазбавіць нас ад граху. Самае галоўнае, што мы павінны ведаць — Бог ёсць любоў. Таму, калі мы хочам жыць у Бозе, то павінны любіць адзін аднаго. Сённяшні спектакль вучыць нас гэтай любві.

Падзякаваў артыстам за выступленне ганаровы грамадзянін Светлагорска, паэт Ізяслаў Катляроў. З расказам пра спектаклі і яго выканаўцаў выступілі завуч духоўна-асветніцкага цэнтра Лізавецінскага храма Бабруйскай епархіі Наталля Генадзьеўна Цімашэнка і рэжысёр праваслаўнага тэатра Людміла Трафімаўна Навумчык.

Гомельская епархія / Church.by