Протаіерэй Сергій Лепін: Чыну «развянчаньня» ў Царкве няма

29 кастрычніка 2018

top.jpgЦі дапамагае царкоўны шлюб захаваць згоду ў сям'і? Як змянялася стаўленне да шлюбу за апошнія 20 гадоў? Якіх прынцыпаў прытрымлівацца, калі хочаш пражыць усё жыццё з адным чалавекам? Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «Звязда» распавёў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.

— Пік вянчанняў прыйшоўся на першую палову 90-х гадоў. Пасля распаду СССР, дзе атэізм быў замацаваны на дзяржаўным узроўні, людзі масава кінуліся ў царкоўныя шлюбы. Таінства праводзілі без належнай падрыхтоўкі і нават без дакумента з загса. Гэта прывяло да пэўнай блытаніны. Мелі месца сітуацыі, калі людзі былі венчаныя з аднымі, распісаныя з другімі, а жылі з трэцімі. Чаму так? Дзесяцігоддзі афіцыйнай забароны рэлігіі нанеслі адбітак: людзі проста не разумелі сэнсу вянчанняў, — тлумачыць старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Ццарквы, доктар тэалогіі протаіерэй Сергій Лепін. — З цягам часу духавенства ў царкве стала больш, з'явілася магчымасць рыхтаваць да таінства кожную пару асобна. Пачалі праводзіцца спецыяльныя гутаркі з маладымі. Такі падыход адсеяў тых, хто разглядаў царкоўны шлюб як магчымасць прыгожай фотасесіі і яшчэ адзін «цікавы» пункт вясельнай праграмы. Выбачайце за іронію, але знаходзіліся тыя, хто разважаў прыблізна так: «Можна ў цырк, а можна ў царкву, можна лебедзяў пакарміць, а можна павянчацца. Рамантыка, чо!»

Змяншэнне колькасці вянчанняў у наш час звязана і з абясцэньваннем самога шлюбу як з'явы. Многія цяпер выбіраюць сужыццё. Хоць яно па сваёй сутнасці бывае розным. Адны жывуць разам і лічаць, што яны ў шлюбе, толькі незарэгістраваным. Іншыя ўвогуле не прызнаюць сям'ю як форму адносін паміж людзьмі і даказваюць, што ніхто нікому нічога не павінен. Маўляў, штамп на пачуцці не ўплывае.

— Але, тады ў мяне пытанне: калі не так важна прысутнасць штампа ў пашпарце, то чаму важна яго адсутнасць? Калі моладзь пачынае сустракацца, то пытанні багаслоўя спачатку цікавяць іх менш за ўсё. Праходзіць час і ўзнікае разуменне, што далёка не ўсе праблемы можна вырашыць, абапіраючыся толькі на сваё каханне. Шлюб — гэта якраз адзін з тых сродкаў, што дапамагаюць у сітуацыях, калі пачуцці пачалі прытупляцца. Узаемныя абавязкі і абяцанні перад Богам стрымліваюць людзей ад маральнага разлажэння ды натхняюць у барацьбе за сваю сям'ю ў пераадольванні дэзынтэграцыйных фактараў.

Разам з тым, хапае ў наш час хлопцаў і дзяўчат, якія па-ранейшаму імкнуцца да стварэння традыцыйнай сям'і.

Акрамя таго, нязменным застаецца колькасць вянчанняў пар, якія пражылі доўгі час у зарэгістраваным шлюбе, выгадавалі дзяцей і дачакаліся ўнукаў. Ім царкоўны шлюб даецца складаней, чым маладым парам. Але ўсё адно добра, што на зыходзе зямнога жыцця яны прыходзяць да пэўнага кансэнсусу наконт веры ў Бога і неабходнасці царкоўнага шлюбу.

Першае пытанне ад айца Сергія Лепіна да пар, якія хочуць вянчацца: «Навошта?» Адказ, як правіла, ён чуе прыблізна аднолькавы: «Каб шчасце, здароўе, багацце былі, дзеткі нарадзіліся». Следам другое пытанне: «А што калі ўсяго гэтага не будзе? Застанецца паміж вамі што-небудзь?» Большасць маладых адказаць не гатовыя.

Святары не стамляюцца паўтараць: вянчанне — не панацэя ад грахоў ці разводу. Так, царкоўны шлюб заахвочвае чалавека быць лепшым, дае сілы і імпэт, каб справіцца са спакусамі. Стварае ўмовы, у якіх будзе прасцей застацца разам, чым разысціся. Але толькі тады, калі чалавек сам прыкладае для гэтага намаганні.

— З хрысціянскага пункту гледжання галоўная мэта сям'і нават не нараджэнне дзяцей і не вырашэнне матэрыяльнага пытання, а менавіта выратаванне душы. Людзі аб'ядноўваюцца, каб разам змагацца з грахамі і слабасцямі. У шлюбе можна не здабыць грошай, а толькі згубіць іх. І могуць не з'явіцца дзеці. Але калі вы ажаніліся, дык, будзьце ласкавыя, штодня працаваць над сабой разам са сваёй паловай. Таінства шлюбу для хрысціян асэнсоўваецца толькі ў адносінах да Хрыста і Царквы. Таму царкоўныя саюзы хрысціяніна з нехрысціянінам немагчымыя ўвогуле, паколькі яны не прадугледжваюць стварэнне сям'і як маленькай царквы, дзе будзе праслаўляцца імя Божае і яго запаветы. Аднак у Беларусі вянчанні паміж праваслаўнымі і каталікамі не рэдкасць. Праўда, з пэўнай умовай ад Царквы: дзеці павінны быць хрышчаныя ў Праваслаўі.

Нават ідэальны на старце шлюб — рэч кволая. Што тады казаць пра тыя адносіны, якія з самага пачатку азмрочваюць адрозненні рэлігійных поглядаў. Іх значнасць з цягам часу становіцца толькі большай. Асабліва калі да гэтага падключаюцца цешчы, свякрові ды іншыя цёткі-дзядзькі. Напрыклад, у спрэчках дзе вянчацца, дзе хрысціць дзяцей: у царкве альбо касцёле... Гэта толькі здаецца, што шлюб — асабістая справа дваіх. Не, насамрэч гэта пытанне грамадскае, бо ў выніку шлюбу аб'ядноўваюцца цэлыя роды. Аднак мы маем шмат станоўчых прыкладаў змешаных шлюбаў і адмоўных — не змешаных.

Не так даўно на слыху з'явілася новае слова «развянчанне». Многія па няведанні пачалі ўспрымаць яго як антонім да вянчання і сінонім да разводу. Але не ўсё так проста. У епархію прыходзяць пары, якія ўжо даўно не жывуць разам і нават паспелі завесці іншыя сем'і. У іх узнікае жаданне абвянчацца зноў. Вось яны і ўспамінаюць, што калісьці ўжо давалі абяцанне ў вернасці іншаму чалавеку перад Богам. Аднак далёка не кожны можа атрымаць бласлаўленне на паўторны шлюб. Ёсць у народзе красамоўная прымаўка на гэты конт: «Першая жонка ад Бога, другая — ад людзей, трэцяя — ад чорта».

— Царква можа толькі звесці, «развенчваннямі» яна ніколі не займалася. Вянчанне ўяўляе сабой таінства з адпаведным чынапаследаваннем (спалучэннем малітваў, дзеянняў і песняпенняў), і аніякага чыну «развянчання» не існуе, — тлумачыць Сергій Лепін. — Людзі не могуць развесці тое, што злучыў Гасподзь! Але часам муж і жонка ствараюць сітуацыі, калі разам жыць немагчыма. Напрыклад, калі адзін з сужэнцаў адмовіўся ад Хрыста, здрадзіў сваёй палавінцы, рабіў замах на яе ці дзяцей жыццё і здароўе. Аборт, які жанчына зрабіла без ведама мужа, невылечныя захворванні, што з'явіліся ў выніку распуснага ладу жыцця, — таксама верагодныя прычыны для разыходу. Тут адзінае, што можа зрабіць Царква — засведчыць, што шлюб спыніў сваё існаванне. Яго няма! Не таму, што духавенства яго анулявала, а таму што людзі самі яго знішчылі. Царква ў такіх абставінах толькі выдае нешта падобнае на пасведчанне аб смерці — але не людзям, а іх пэўным адносінам.

Church.by