Протаіерэй Сергій Лепін: «Непадобнасць» бліжняга трэба ўспрымаць па-хрысціянску

02 ліпеня 2018

top.jpgРэдакцыя партала Sobor.by звярнулася да старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Сергія Лепіна з просьбай пракаменціраваць ініцыятыву грамадзян па зборы подпісаў пад петыцыяй аб ахове дзяцей ад прапаганды ненатуральных грахоў і вычварэнняў, якую перадалі нядаўна ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

— Як вы ацэньваеце ініцыятыву хрысціян па ахове дзяцей ад прапаганды антысямейных грахоўных поглядаў?

Зразумела, непрыманне «навамодных» павеваў сярод хрысціян — ды і не толькі хрысціян! — можна і трэба вітаць. Неабходна быць вельмі ўважлівымі  да форм і зместу выхаваўчага і адукацыйнага звароту нашага грамадства да самых юных грамадзян. А прапаганда — не апошні складнік выхаваўчага працэсу. Калі ў школах пачнуць выкладаць няпэўныя факты аб навакольным свеце, скажам, па фізіцы ці прыродазнаўстве, ці калі нашых дзяцей пачнуць наўмысна вучыць няправільна пісаць, то мы не зможам не выказаць заклапочанасць, ці не так? А няўжо мы станем цярпець, калі нашым дзецям будуць тлумачыць, што крыўдзіць маленькіх — гэта добра, і прыхваткамі вучыць рыхтаваць «кактэйлі Молатава»? Не. Але гэтак жа ідуць справы з пытаннямі адносна тэмы «талерантнасці», цярпімасці, павагі і паблажкі. Мы не павінны маўчаць, калі дзеці атрымліваюць свядома скажоную інфармацыю, ці такую, пытанне аб мэтазгоднасці паведамлення якой трэба пакінуць на вырашэнне бацькоў.

Адна справа — праграма адаптацыі людзей з адметнасцямі (назавем гэта так). Абсалютна нармальна, калі дзяцей вучаць, што трэба акуратна і далікатна ставіцца да «ў чымсьці не падобных да цябе людзей» — напрыклад, інвалідаў. Але іншая справа — калі ім скажуць, што інваліднасць (захаваем гэты прыклад) — гэта альтэрнатыўнае здароўе, і вы, дарагія дзеткі, калі хочаце, то таксама можаце адрэзаць сабе руку, а калі бацькі вам будуць у гэтым замінаць, то вы дакладайце нам, а мы ўжо прымем меры.

Мы павінны захоўваць заклапочанасць правамі нашых дзяцей і нашымі бацькоўскімі правамі на выхаванне дзіцяці згодна з нашым светапоглядам і рэлігіяй. Але разам з гэтым трэба паклапаціцца аб тым, каб наша супрацьстаянне шкоднаму і непрыманне чужога самі не зрабіліся злаякаснымі — заснаванымі на нянавісці і варожасці, супярэчылі евангельскаму духу і замахваліся на чужыя правы. «Непадобнасць» бліжняга трэба ўспрымаць па-хрысціянску — нават калі гутарка ідзе пра яго грахоўнасць.

Ці ёсць падстава для трывогі з-за распаўсюджвання ненатуральных мадэляў паводзін?

Канешне! Гэтыя ненатуральныя мадэлі існавалі заўсёды, але сёння яны тыражуюцца ў якасці нармальных, вартых падтрымкі ці эксклюзіўнага пазітыўнага стаўлення. Пра гэта ўжо шмат сказана хрысціянскімі прапаведнікамі. Але да ўсяго гэтага трэба зрабіць важную заўвагу. Нехрысціянскія мадэлі, ці ненатуральныя згодна з нашым разуменнем, — гэта не толькі тыя, што мы звычайна адносім да ЛГБТ. Маладыя людзі ўступаюць у бязладныя гетэрасексуальныя кантакты, практыкуюць секс з самага ранняга ўзросту, знаходзяцца ў пазашлюбных сувязях без намеру стварыць сям’ю — ці можна вось гэта назваць натуральнай мадэллю? Большасць нашых дзяцей успрымае такія нехрысціянскія мадэлі паводзін зусім не ад распаўсюджвальнікаў ЛГБТ-ідэалогіі. Разбурэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцей адбываецца ў нашым грамадстве перш за ўсё ў стасунках паміж гетэрасексуальнымі бацькамі ці ў іншых асяродках, якія не маюць аніякага дачынення да якіх-небудзь амстэрдамскіх гей-парадаў, фотаздымкамі якіх нас рэгулярна пужаюць. Фота насамрэч брыдкія, але нам бы ў першую чаргу занепакоіцца нізкім узроўнем распаўсюджанасці натуральных мадэляў паводзін, таму што распаўсюджванне ненатуральных — гэта вынік. Бо дзіўна выходзіць: пра сваё жаданне ствараць шлюбы, рэгістраваць іх, усынаўляць дзяцей усё часцей заяўляюць гомасексуалісты, а хрысціяне ўсё часцей схільныя казаць, што яны, бачце, «не гатовыя» вянчацца, а «штамп у пашпарце нічога не значыць». А вось гомасексуалісты гатовыя, для іх значыць… З чаго б гэта? Я чытаў, што ў 2017 годзе ў Беларусі было зроблена 25 тысяч абортаў. У якіх сем’ях яны зроблены? Гомасексуалістаў? Не, гэтыя наадварот імкнуцца размножыцца і ўсімі праўдамі і няпраўдамі дабіваюцца змен у заканадаўствах… Дык што ж? А ўся справа ў тым, што тэма ненатуральнага датычыцца не толькі палавой арыентацыі. Вычварэнні — яны, як і разруха, пачынаюцца ў галовах, і ў нашым выпадку зусім не гома-прапагандыстаў. Таму хрысціянскае і законнае супрацьстаянне ўсяму ненатуральнаму — гэта добра. Але не варта перабольшваць яго значэнне і ўскладаць на яго вялікія надзеі. Не будзе гей-парадаў? Супер, дай Бог! Скажыце, дзе падпісацца? Але… ці стане больш людзей на хрэсных ходах? Тактычныя рашэнні — нават калі яны слушныя —  не вызваляюць нас ад неабходнасці разважаць стратэгічна. Забарона гей-парада, напрыклад, не рашае ўсёй паўнаты маіх педагагічных задач у дачыненні да маіх дзяцей. Калі яна наогул штосьці вырашае ў гэтым накірунку…

Важна фармуліраваць свой парадак дня ў пазітыўных танах: мы змагаемся не супраць таго і таго, а за тое і тое. Але, на жаль, на праверку нярэдка высвятляецца, што тыя, «хто супраць ЛГБТ», і тыя, «хто за хрысціянскую мараль» — гэта супольнасці, якія перасякаюцца толькі часткова. Гэта засмучае: барацьба «толькі супраць» не будзе мець плёну.

Church.by