Рэктар і прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі ўвайшлі ў склад рэдакцыйнага савета навуковага часопіса Смаленскай духоўнай семінарыі
01 лютага 2021Па запрашэнні мітрапаліта Смаленскага і Дарагабужскага Ісідара рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) і прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі і Мінскай духоўнай акадэміі Аляксандр Слесараў увайшлі ў абноўлены склад рэдакцыйнага савета навуковага часопіса «Тэалагічны Веснік Смаленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі».
Заснавальнікам часопіса, які выпускаецца з 2015 года, з'яўляецца Смаленская праваслаўная духоўная семінарыя. Мэта часопіса заключаецца ў садзейнічанні развіццю тэалагічных і гістарычных дысцыплін у рамках сучасных гуманітарных даследаванняў. Для публікацыі прымаюцца артыкулы па тэалогіі, гісторыі Расіі, а таксама работы па ўсіх напрамках, якія ўваходзяць у кола названых спецыяльнасцяў. Усе матэрыялы, дасланыя аўтарамі ў рэдакцыю, праходзяць сляпое рэцэнзаванне. Рашэнне аб публікацыі артыкула прымаецца пасля першаснай праверкі рэдактарам, рэцэнзавання і абмеркавання ў рамках рэдакцыйнай калегіі.
Галоўны рэдактар — мітрапаліт Смаленскі і Дарагабужскі Ісідар.
Перыядычнасць выдання — 4 разы на год.