Злёт праваслаўнай моладзі «Тут Радзімы маёй пачатак» прайшоў у Паставах
04 мая 2018У Паставах у шосты раз прайшоў злёт праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі. Усе мерапрыемствы злёту былі аб'яднаны патрыятычнай тэмай «Тут Радзімы маёй пачатак».
На світанні 29 красавіка ля сцен храма свяціцеля Мікалая Цудатворца сабралася больш за сотню маладых хлопцаў і дзяўчат з Полацка і Наваполацка, Глыбокага і Крулеўшчыны, Богіна і Расонаў, якіх можна было адразу пазнаць па маляўнічай эмблеме — сэрцайкам з надпісам «Паставы». Па традыцыі, удзельнікі злёту тут сустрэліся, каб узнесці сумесныя малітвы на Бажэственнай літургіі і малебне на ўсякую добрую справу.
Затым рабяты адправіліся па займальных маршрутах «Таямніцы роднага горада», якія падрыхтавалі і правялі супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі імя Уладзіміра Дубоўкі. З займальнага апавядання з прэзентацыяй удзельнікі злёту даведаліся, чым славіцца Пастаўшчына.
Пасля абеду мерапрыемствы працягнуліся ў гасцінным Доме культуры па вуліцы Станкевіча. У фае размясцілася выстава «Храмы Полацкай епархіі», арганізаваная дэлегатамі злёту, а таксама велікодная фотазона, падрыхтаваная работнікамі Дома культуры.
У літаратурна-музычнай кампазіцыі «Тут Радзімы маёй пачатак» выхаванцы Пастаўскай нядзельнай школы пастараліся расказаць, што такое Радзіма для кожнага чалавека: мама, бацькоўскі дом, продкі, хлеб, родная прырода, шчаслівае дзяцінства і, вядома ж, храм. Малая радзіма — гэта месца, дзе кожны чалавек адчувае сябе маленькай часцінкай цэлага народа, куды заўсёды імкнецца вярнуцца, якое гатовы самааддана абараняць. Асаблівая старонка была прысвечана Полацкай зямлі — калысцы беларускай духоўнасці. Прагучалі вершы і песні аб прападобнай Еўфрасінні Полацкай, якая пакінула аб сабе вечную памяць у душы народа. У заключэнне хлопцы і дзяўчаты паказалі інсцэніроўку «Прытча аб талентах». З прывітальным словам да моладзі звярнуўся настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Паставы протаіерэй Валерый Пашкевіч.
Пасля невялікага перапынку ў рамках завочнай экскурсіі «Праваслаўныя святыні малой Радзімы» прадстаўнікі дэлегацый распавялі аб храмах сваіх благачынняў. У творчай форме рабяты распавялі пра малавядомыя эпізоды гісторыі сваіх родных храмаў. Важнасць абранай тэмы падкрэсліў ганаровы госць злёту, кіраўнік аддзела па працы з моладдзю Полацкай епархіі протаіерэй Ігар Чэчуковіч.
Далейшыя мерапрыемствы працягнуліся ў спартыўна-турыстычным комплексе «Азяркі». Маляўнічае месца дазволіла ўдзельнікам злёту пранікнуцца прыгажосцю роднай прыроды. Для рабят былі арганізаваны спаборніцтвы па праходжанню трас вяровачнага гарадка, а таксама іншыя віды актыўнага адпачынку.