Слова Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў саракавы дзень з часу прастаўлення Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта
20 лютага 2021Дарагія браты і сёстры!
Зусім нядаўна ўвесь беларускі праваслаўны народ маліўся аб здароўі нашага дарагога айца ўладыкі Філарэта, які доўгія гады быў для нас узорам ахвярнага, бескарыслівага служэння і, паводле апостальскага слове, мерай «у сло́ве, у жыццí, у любо́ві, у ду́ху, у ве́ры, у чысцінí» (1 Цім. 4:12). Ён быў бацькам, братам, сябрам, ён быў «усім для ўсіх» (1 Кар. 9:22).
І вось ужо сёння мы малітоўна адзначаем сорак дзён з дня яго скону. На працягу гэтых дзён ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы ўзносіліся асаблівыя малітвы аб яго ўпакаенні. Маліліся архіерэі, якія з'яўляюцца ягонымі выхаванцамі і стаўленікамі, і якім ён перадаў свой евангельскі дух, жадаючы мець годных паплечнікаў. Маліліся святары, для сотняў якіх ён быў настаўнікам з вялікай літары. Маліліся манахі, якія сёння маюць магчымасць падзвізацца толькі дзякуючы яго высокай дыпламатыі і духоўнай мудрасці. Маліліся старыя, пра якія ён заўсёды казаў, што іх прысутнасць «з'яўляецца дабром для грамадства» і «сімвалам прысутнасці Бога». Маліліся нават дзеці, якіх ён вельмі любіў, называючы іх «дарам Божым» і лічачы, што «сустрэча з дзяцінствам – гэта сустрэча з благадаццю».
Для ўладыкі кожны быў настолькі важным і патрэбным, што, напэўна, сёння няма ніводнага чалавека, які, хоць раз сустрэўшыся з ім, застаўся б ранейшым. Кожнаму, хто сутыкнуўся з ім, хацелася стаць лепшым, пераймаць яму, вучыцца ў яго, падцягвацца да гэтага маральнаму ідэалу, да гэтай вышыні духу. І ў той жа час кожнага прыцягвала да сябе яго неверагодная прастата, дабрыня і любоў. Уладыка тонка адчуваў кожнага чалавека, і яго сэрца заўсёды было адкрытым для ўсіх. Праяўляючы жывую цікавасць да патрэб простага чалавека, ён ніколі не лічыўся з сабой. Ён казаў, што «кожны момант гэтага зямнога жыцця бясконца значны з пункту гледжання вечнасці».
Толькі цяпер разумееш, што знаходзіцца побач з ім было неацэнным дарам Божым. Гэта быў благадатны час, калі мы ўсе ўзрасталі пад яго нястомным кіраўніцтвам, дзякуючы якому змаглі пазбегнуць многіх памылак. Ён даваў сілы, ён натхняў, ён запальваў, ён умацоўваў, ён заводзіў, падобна рухавіку. За што б ён ні браўся, усё зрушвалася з мёртвай кропкі і пачынала працаваць. І калі б не ён, гэтага ніхто не змог бы зрабіць.
Але ўладыка ніколі не разважаў над значнасцю той ці іншай справы, якую ён здзяйсняў. Ён сціпла і сумленна выконваў сваю хрысціянскую місію на славу Божую і на карысць нашага народа, павучаючы нас сваім асабістым прыкладам і шчырай любоўю. Ён быў перакананы, што «жыццёвая пазіцыя хрысціяніна — гэта велікодная, дзейная любоў», і што «мы самі павінны быць прыкладам стойкасці і мужнасці для бліжняга». Ён вучыў, што «кожнага з нас Гасподзь Іісус Хрыстос заклікае быць паўнавартаснай асобай, тым, хто зможа змяніць малую частку навакольнага свету».
Уладыка сапраўды яўляў вобраз духоўнага правадыра і малітоўнага прадстаяцеля за ўпадабаны ім беларускі народ і родную Айчыну, хоць сам і не быў беларусам. Усе яго намеры накіроўваліся да Царквы, да клопату аб яе стане і яе будучыні. Падняўшы з руін, ён пакінуў нам адроджаную і прымножаную Беларускую Царкву, дзе, паводле яго слоў, «кожны хрысціянін: ад юнага верніка да шаноўнага архіерэя — гэта маяк, які дапамагае людзям знаходзіць Хрыста, паварочвацца да яго і кіраваць сваім жыццём у Яго святле». Уладыка сам быў такім яркім і выратавальным маяком.
Назаўжды застануцца ў памяці яго набажэнствы, выкананыя велічы і дзіўнай высакароднасці. Ён умеў задаць тон урачыстасці, і кожнае слова яго малітвы было прасякнута глыбокім сэнсам і праўдзівай верай. Дзіўна прыгожыя службы і натхнёныя пропаведзі збіралі мноства людзей у храмы, дзе ён служыў, і напаўнялі чалавечыя сэрцы радасцю і Божай ласкай.
Некалі ўладыка сказаў: «Духоўны рух праяўляецца ў імкненні выканаць дзве найбольшыя запаведзі: любові да Бога і любові да чалавека. Вось чаму духоўны рух па сваім кірунку крыжападобны — уверх, ад зямлі да неба, і ў бакі, ад сэрца да сэрца». Так, штодня і штогадзіны знаходзячыся на крыжы, ён меў асабістую глыбокую духоўную адвагу паслужыць бліжняму. Незвычайная працаздольнасць, чулае сэрца і мілуючая любоў, адкрытасць і стойкасць, прыродная далікатнасць і высакароднасць — гэтыя якасці адрознівалі нашага ўладыку. Ён шчодра дзяліўся сваімі думкамі, якія сёння з'яўляюцца для нас сапраўдным скарбам. Ён не раз казаў, што штодзённы, штогадзіны подзвіг магчымы толькі тады, калі чалавек чэрпае свае сілы ў яднанні з Богам.
Наш дарагі ўладыка пакінуў вялікую духоўную спадчыну, і каб яна заставалася несмяротнай у доўгай чарадзе пакаленняў людзей, мы павінны не толькі шанаваць яе і беражліва захоўваць, але і прымнажаць, а значыць, дзяліцца гэтым скарбам з іншымі і, па словах уладыкі, «узгадоўваць благаславёныя ўраджаі... на ніве, засеянай насеннем любові і дабра», каб прынесці найбольшы плён. «Ад зладжанасці нашай, ад нашага асабістага ўзаемадзеяння ў Хрысце залежыць і гісторыя нашага асабістага жыцця, і гісторыя ўсёй Царквы», — казаў наш дарагі настаўнік.
Кожны чалавек пакідае пэўны след на зямлі. Уладыка Філарэт — гэта не толькі Герой Беларусі. Гэта выдатная, унікальная асоба, гэта эпоха ў гісторыі нашай Царквы.
Ён жыў малітвай, і гарэўшы у яго сэрцы агонь з гадамі пачаў выпраменьваць ціхае святло, якое сагравала ўсіх навакольных.
Будзем часцей успамінаць яго словы: «Уся наша вера, надзея і любоў — у словах «Хрыстос уваскрэс!» Яны скрозь стагоддзі яўляюць нам, паводле слова апостала, праму́драсць Божую, у тайне скры́тую, якую прадвы́значыў Бог перад вяка́мі для сла́вы нашай (гл. 1 Кар. 2:7)».
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
+ Веніямін,
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі,
старшыня Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы
20 лютага 2021 года