Адбылася сустрэча Прадстаяцеля Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы і Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
04 верасня 20194 верасня Блажэннейшы Патрыярх Святога горада Іерусаліма і ўсёй Палесціны Феафіл III прыняў у Іерусалімскай Патрыярхіі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які прыбыў у Іерусалім па благаславенню Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
У сустрэчы прынялі ўдзел начальнік Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме архімандрыт Аляксандр (Ялісаў), члены Місіі і суправаджаючыя з паломніцкай групы.
Патрыяршы Экзарх выказаў сардэчную падзяку Блажэннейшаму Патрыярху Феафілу за цёплую сустрэчу, благаславенне наведаць святыя месцы Іерусаліма і за магчымасць паслужыць у тых месцах, якія звязаны з подзвігам Хрыста Спасіцеля.
Блажэннейшы Патрыярх Феафіл сказаў, што ў Іерусаліме заўсёды рады сустракаць паломнікаў з розных брацкіх Памесных Цэркваў, а сёння «рады бачыць Вас, таму што Вы, уладыка Павел, шмат гадоў жылі, служылі і працавалі на Святой Зямлі».
Падчас сустрэчы была абмеркавана вострая тэма — аб цяперашняй сітуацыі ў праваслаўным свеце. Яго Блажэнства адзначыў, што адным з найважнейшых дзеянняў у сучасным свеце з'яўляецца імкненне захаваць адзінства Святой Праваслаўнай Царквы. З глыбокім смуткам ён перажывае тое, што адбываецца сёння ва Украіне. «Я прызнаю толькі адну Праваслаўную Царкву ў Украіне, якую ўзначальвае мітрапаліт Ануфрый», — сказаў Блажэннейшы Патрыярх. Ён асабліва падкрэсліў, што, на думку святых айцоў, менавіта раскол з'яўляецца самым цяжкім грахом супраць Боскай Любові, якая ляжыць у аснове царкоўнага адзінства.
Мітрапаліт Павел выказаў сардэчную падзяку Блажэннейшаму Патрыярху Феафілу за яго цвёрдую пазіцыю ў стаянні за адзінства святога Праваслаўя, якое будзе непарушным, калі захавае сваю аснову — кананічны лад.
У завяршэнне сустрэчы іерархі абмяняліся падарункамі. Уладыка Павел паднёс Блажэннейшаму патрыярху Феафілу ікону Ражджаства Хрыстовага, выкананы беларускімі майстрамі Лізавецінскага манастыра горада Мінска, і медаль, прысвечаны 180-годдзю з дня правядзення Полацкага сабора, які скасаваў Брэсцкую унію 1596 года.
Блажэннейшы Патрыярх Феафіл паднёс уладыку Паўлу памятную панагію з выявай Іерусалімскай іконы Прасвятой Багародзіцы.
У заключэнне сустрэчы была зроблена памятная фатаграфія.