Адбылася сустрэча работнікаў сацыяльных служб Барысаўскай епархіі
29 мая 201723 мая 2017 года ў Праваслаўным цэнтры «Добрыя сэрцы» Барысаўскага благачыння адбылася сустрэча старэйшых сясцёр сястрынстваў міласэрнасці і сацыяльных работнікаў благачынняў Барысаўскай епархіі. На сустрэчы прысутнічалі духаўнік аддзела па царкоўным сацыяльным служэнні Барысаўскай епархіі іерэй Аляксандр Лук'яновіч, адказны за сацыяльную работу ў Бярэзінскім благачынні іерэй Валерый Юрыкаў і адказны за сацыяльную работу ў другім Пухавіцкім благачынні іерэй Віталь Ратнікаў.
Кіраўнік аддзела па царкоўным сацыяльным служэнні епархіі Т. С. Пятровіч адзначыла, што ў кожным благачынні епархіі праводзіцца сацыяльная работа. Наведваюцца бальніцы, інтэрнаты, дзіцячыя дамы, сацыяльныя прытулкі. Людзям, якія знаходзяцца на лячэнні і якія пражываюць у гэтых установах, аказваецца духоўная, псіхалагічная і гуманітарная дапамога. Такая ж дапамога прадастаўляецца інвалідам, шматдзетным і малазабяспечаным сем'ям, адзінокім і цяжкахворым, а таксама людзям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
— Праваслаўнае сацыяльнае служэнне — гэта служэнне хрысціянскай любві, якая вучыць нас спачуванню і спагадзе, а таксама разуменню, што ўсе людзі на зямлі аднолькавыя і роўныя, незалежна ад іх сацыяльнага статусу і нацыянальнасці. Разам з тым, нялёгка любіць бяздомнага з неахайным выглядам, чалавека, які адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за цяжкае злачынства, залежнага ад алкагалізму і наркотыкаў, ВІЧ-інфікаванага. Але калі мы прынялі рашэнне займацца справамі міласэрнасці, то павінны засвоіць, што нашы падапечныя з'яўляюцца абліччам Божым, а дапамога, якая ім аказваецца, ёсць служэнне Самому Хрысту. І гэта не проста прыгожыя словы. Калі сястра міласэрнасці або сацыяльны работнік не здольныя любіць і знаходзіць радасць ад міласэрнага служэння, жаданне дапамагаць людзям вельмі хутка пройдзе і наступіць засмучэнне і расчараванне. Наша праца патрабуе шмат сіл, цярпення, змірэння, здольнасці не толькі спачуваць, суцешыць і падтрымаць чалавека, але ў пэўных момантах праяўляць цвёрдасць, умець карэктна адмовіць у дапамозе, калі яна будзе на шкоду чалавеку. Не трэба засмучацца, калі стомленасць і эмацыянальнае напружанне парушаць душэўную раўнавагу. Трэба прыняць гэта і разумець, што людзям уласцівыя розныя пачуцці. Таму ў кожнага сацыяльнага работніка і сястры міласэрнасці павінен быць духаўнік, які здольны выслухаць, даць параду, дапамагчы аднавіць мір у душы. Вельмі важны ўдзел у Еўхарыстыі. Злучаючыся з Хрыстом, мы знаходзімся пад Яго пастаяннай абаронай. Гасподзь дапамагае ў працы, ачышчае ад непатрэбных намераў, вучыць любві, умацоўвае ў малітве. Трэба памятаць, што «Бог – гэта любоў, і хто знахо́дзіцца ў любо́ві, той знахо́зіцца ў Богу, і Бог у ім» (1 Ін 4: 16). Прыслухайцеся да сябе, і вы адчуеце, што Гасподзь заўсёды побач, Ён дае сілы і жаданне служыць людзям. Таму мы з вамі сёння тут, — сказала кіраўнік епархіяльнага аддзела.
Прадстаўнікі благачынняў распавялі аб сацыяльным служэнні ў 2016 годзе і планах на бягучы год, падзяліліся вопытам работы, абмеркавалі хвалюючыя пытанні. Сустрэча прайшла ў сяброўскай канструктыўнай абстаноўцы.