Адбылося першае ў 2019 годзе пасяджэнне Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы

26 студзеня 2019

top.jpg

24 студзеня 2019 года ў Мінскай духоўнай акадэміі па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбылося пасяджэнне Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Узначалілі пасяджэнне камісіі яе старшыня архімандрыт Амвросій (Шаўцоў), намеснік Гомельскага Мікалаеўскага мужчынскага манастыра, і намеснік старшыні дацэнт Аляксандр Валер'евіч Слесараў, прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі.

Пачалося пасяджэнне разглядам пытання працы епархіяльных аддзелаў па кананізацыі святых у 2018 годзе. Далей клірык Лідскай епархіі протаіерэй Георгій Савіцкі выступіў з паведамленнем на тэму «Аб вылучэнні да кананізацыі протаіерэя Іосіфа Каяловіча (1835-1919)». Клірык Слуцкай епархіі протаіерэй Аляксандр Шклярэўскі прадставіў даклад «Аб даследаванні месяцаслова. Аб выяўленні асобных дат святкавання памяці кожнага святога, занесенага ў сабор навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Мінскай».

Прадстаўнік Віцебскай епархіі протаіерэй Аляксандр Сіроткін паведаміў аб падрыхтоўцы матэрыялаў для праслаўлення іерэя Міхаіла Садоўскага. Клірык Гомельскай епархіі протаіерэй Аляксандр Лапушанскі распавёў прысутным аб выніках вывучэння матэрыялаў, якія тычацца магчымага праслаўлення протаіерэя Яўстафія Баслыка.

Падчас другой часткі пасяджэння архімандрыт Амвросій (Шаўцоў) прапанаваў на абмеркаванне план мерапрыемстваў Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2019 год. Затым А. В. Слесараў распавёў аб выданні у 2019 годзе новага альманаха «Працы Камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы» і аб правядзенні канферэнцыі «Святыя Белай Русі: актуальныя пытанні шанавання і праслаўлення».

Завяршылася пасяджэнне абмеркаваннем пытання ўзаемадзеяння Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы з Брацтвам Віленскіх мучанікаў (Мінск) у арганізацыі памятных мерапрыемстваў, прысвечаных 35-годдзю ўстанаўлення святкавання Сабора Беларускіх святых.

МінДА / Church.by