Адбыўся фестываль хрысціянскага кіно «Магніфікат-2017»

26 сакавіка 2017

top.jpg

24 сакавіка 2017 года ў кінатэатры «Мір» горада Мазыра адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю хрысціянскага кіно «Магніфікат». Па благаславенні епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда у мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі ігумен Аўксенцій (Абражэй) і супрацоўнікі епархіяльнага ўпраўлення.

Адкрылася мерапрыемства выступленнем вакальнага ансамбля «Рэха» (горад Ельск, кіраўнік — Юлія Дударава). Дзіцячы творчы калектыў выканаў царкоўныя і класічныя творы.

Затым з прывітальным словам да ўсіх гледачоў звярнуліся дырэктар камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства «Мозырькиновидеопрокат» Сяргей Захаранка і рэжысёр «Беларусьфільма» Юрый Гарулёў.

Увазе гледачоў быў паказаны хранікальна-дакументальны фільм «Трасцянец. Мы павінны ім памяць» (2015), які распавядае пра Трасцянецкі лагер смерці пад Мінскам, у якім у 1941-44 гадах нацыстамі было знішчана больш за 200 тысяч чалавек.

Была прадстаўлена праца рэжысёра з Мазыра Сяргея Гараеўскага — дакументальны фільм «Без права на жыццё» (2016), герой якога немец Горст Кульман перакананы, што ягоны народ мае віну за нацысцкія злачынствы падчас Другой сусветнай вайны. Горст падарожнічае па постсавецкіх краінах, наведваючы месцы масавых забойстваў грамадзян і сустракаючыся з апошнімі сведкамі тых падзей.

У завяршэнне да ўсіх гледачоў звярнуліся ігумен Аўксенцій (Абражэй) і настаяцель мазырскай рымска-каталіцкай парафіі ксёндз Тадэвуш Волас. Прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства адзначылі важнасць правядзення такога роду мерапрыемстваў.

На працягу трох дзён на фестывалі хрысціянскага кіно «Магніфікат» былі паказаныя фільмы рэжысёраў Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, створаны ў розных хрысціянскіх традыцыях усе яны накіраваныя на падтрымку агульначалавечых каштоўнасцяў. Адбылася таксама творчая сустрэча з кінарэжысёрам Юрыем Гарулёвым.

Тураўская епархія / Church.by