Адбыўся злёт моладзі Барысаўскай епархіі «Хрыстос — наша Перамога!»
07 мая 2018Каля 80 чалавек з усіх благачынняў Барысаўскай епархіі і гасцей з Мінска аб'яднаў чарговы традыцыйны двухдзённы злёт моладзі «Хрыстос — наша Перамога!» Радасна і гасцінна прыняў злёт прыгожы горад Жодзіна. Для маладых людзей расчыніў свае дзверы храм іконы Божай Маці «Збавіцельніца». Кожнаму ўдзельніку спаборніцтваў былі ўручаны памятныя падарункі.
Па традыцыі, злёт пачаўся з Бажэственнай літургіі, за якой маладыя людзі прычасціліся Святых Хрыстовых Тайн. Са словам да моладзі выступіў Артур Шчарбіцкі. Пасля заканчэння набажэнства гасцей павіталі настаяцель прыхода протаіерэй Мікалай Цюцюннікаў і кіраўнік моладзевага аддзела Барысаўскай епархіі протадыякан Сергій Кярко.
Пасля трапезы загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Салодкі распавёў аб прынцыпах роспісу сцен храма, аб сімволіцы колеру ў іканапісе. Затым рабяты накіраваліся ў будынак нядзельнай школы пры храме, дзе прайшла інтэлектуальная гульня, якую падрыхтавала і правяла выкладчык Іна Музыка. Удзельнікаў злёту таксама парадавала выступленне хору «Мірніца» пад кіраўніцтвам Кацярыны Сянкевіч, які выканаў творы жодзінскіх кампазітараў.
Натхнёныя, рабяты адправіліся на турыстычную базу, дзе прынялі удзел у гутарцы на тэму: «Што такое душа?», якую правёў Сяргей Забалоцкі.
Яркай падзеяй стала спартландыя пад дэвізам «У здаровым целе — здаровы дух!» Асаблівым дадаткам да атмасферы дружбы і братэрства была вячэра, прыгатаваная на палявой кухні.
Пасля вячэры сектазнаўца Алег Нагорны распавёў аб прынцыпах працы сект і іншых дэструктыўных груп. Завяршыўся першы дзень злёту гутаркамі і песнямі ля вогнішча.
На наступны дзень удзельнікі злёту накіраваліся на займальную экскурсію па заводу «БелАЗ». Незабыўныя эмоцыі пакінуў у сэрцах рабят цёплы і сардэчны прыём кіраўніцтва прадпрыемства. Моладзь змагла падняцца на 450-тонны самазвал і сфатаграфавацца на памяць аб наведванні завода.
Затым маладых людзей чакала прэзентацыя аддзяленняў Мінскага духоўнага вучылішча. З павучальным словам выступіў дырэктар вучылішча протаіерэй Іаан Задарожын.
— Хочацца адзначыць, што злёт быў такім жа цёплым і радасным, як надвор'е, якое панавала ў дні злёту. Вельмі важна захоўваць гэтую выдатную традыцыю. Яна дапамагае зберагчы і прымножыць ў сэрцы кожнага праваслаўнага хрысціяніна тры самых запаветных агеньчыкі: веру, надзею і любоў, — адзначае ўдзельніца злёту Аліна Паўловіч.
Ад усёй душы удзельнікі злёту дзякуюць арганізатарам — благачыннаму Жодзінскай акругі протаіерэю Мікалаю Цюцюнікаву, іерэю Іаану Цюцюнікаву і ўсяму прыходу храма іконы Божай Маці «Збавіцельніца», Міхаілу Адзінцу, загадчыку філіяла «Турыст» ДУДА «Цэнтр творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі горада Жодзіна», а таксама протадыякану Сергія Кярко, кіраўніку моладзевага аддзела Барысаўскай епархіі.