Выйшла кніга «Палігон. Гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера» адзін з аўтараў якой - доктар царкоўнай гісторыі іерэй Гардзей Шчаглоў
03 ліпеня 2017Выходзіць чарговая кніга з вядомай серыі «У пошуках страчанага» — «Палігон. Гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера». Аўтары паднялі велізарны і малавядомы пласт з ваеннай гісторыі Беларусі. Аб Скобелеўскім ваенным лагеры, заснаваным у канцы XIX стагоддзя паміж Баранавічамі і Слонімам для Мінскага гарнізона, вядома вельмі мала. У значнай ступені лакуна запоўнена дзякуючы Уладзіміру Ліхадзедаву, Уладзіміру Пефціеву і доктару царкоўнай гісторыі іерэю Гардзею Шчаглову.
У кнізе сабраны багаты ілюстрацыйны матэрыял, які суправаджае і дапаўняе вялікі навукова-гістарычны нарыс. Гаворка ідзе аб арыгінальных, па-сапраўднаму унікальных фотаздымках і паштоўках канца XIX — пачатку XX стагоддзя, якія яшчэ адзін вядомы мінскі калекцыянер і краязнаўца Уладзімір Багданаў ахарактарызаваў як «багаж ведаў для даследчыкаў», бо за кожным фота — свая гісторыя, свой факт, канкрэтны і дакладны. Мяркуючы па шматлікіх ілюстрацыях, на рубяжы пазамінулага і мінулага стагоддзяў Скобелвўскі лагер выглядаў не проста даволі абжытым, але меў цэлы комплекс капітальных будынкаў. Тут дзейнічала нават паштова-тэлеграфнае аддзяленне са сваім афіцыйным паштовым штэмпелем: «Скобелеўскі лагер». У кнізе ваеннага святара Рыгора Цітовіча «Храмы арміі і флоту» згадваецца таксама «летні дывізіённы храм (драўляны) у памяць Праабражэння Гасподняга ў Скобелеўскім лагеры войскаў 30-й пяхотнай дывізіі».
Палігон выкарыстоўваўся практычна на працягу ўсяго свайго існавання — і германскімі войскамі ў Першую сусветную, і для патрэб польскай арміі ў 20 — 30-я гады мінулага стагоддзя, і пасля 1939 года чырвонаармейцамі, і гітлераўцамі ў перыяд акупацыі Беларусі... У сучасных беларускіх вайскоўцаў гэта месца вядома як Абуз-Лясноўскі палігон. Гісторыя аб'екта вельмі багатая, але, на вялікі жаль, матэрыяльных гістарычных аб'ектаў зусім не захавалася. Таму велізарная праца, праведзеная Уладзімірам Ліхадзедавым, Уладзімірам Пефціевым і святаром Гардзеем Шчагловым, набывае асаблівую каштоўнасць. Інфармацыя збіралася часам літаральна па крупінках у архівах, бібліятэках, са старых газетных публікацый. У канцы кнігі ў асобным спісе прыводзіцца больш за 100 крыніц. Так што атрыманае гістарычнае даследаванне з поўным правам можа называцца навуковым.
Трэба адзначыць, што кніга будзе цікавай аматарам не толькі ваеннай гісторыі, але і гісторыі архітэктуры. Аўтары не выпадкова звярнулі ўвагу на асаблівасці многіх будынкаў Скобелеўскага лагера. Усе яны выкананы ў так званым новарускім стылі, што надавала такому суроваму аб'екту, як ваенны лагер, абсалютна непаўторны каларыт і вобраз нейкага казачнага царства. Але нават у такім яркім архітэктурным кантэксце звяртала на сябе асаблівую ўвагу драўляная капліца, збудаваная ў памяць пра легендарнага генерала Міхаіла Скобелева.
Камандзіра IV армейскага корпуса. М. Скобелева шанавалі і паважалі ў расійскіх ваенных колах, яго любілі жаўнеры. Асабліва праславіўся генерал ад інфантэрыі ў ходзе руска-турэцкай вайны 1877 — 1878 гадоў. У Мінск, дзе размяшчаўся штаб IV корпуса, Скобелева прызначылі ў 1879 годзе. Аднак летам 1882 года ва ўзросце ўсяго 39 гадоў Міхаіл Дзмітрыевіч памёр пры даволі загадкавых абставінах у Маскве. Праз месяц Мінская гарадская дума, перайменаваўшы вуліцу Батальённую ў Скобелеўскую (цяпер — Чырвонаармейская). А калі, пачынаючы з 1892 года, 30-я пяхотная дывізія, якая ўваходзіла ў IV корпус, стала праводзіць ваенна-палявыя заняткі на палігоне за Баранавічамі, гэты летні вайсковы лагер таксама атрымаў найменне Скобелеўскі.
Кніга В. Ліхадзедава, В. Пефціева і Г. Шчаглова «Палігон. Гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера» выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда» і падтрымана Міністэрствам інфармацыі, якое плануе ў цяперашні, знакавы для краіны год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пазнаёміць з ёй шырокую публіку падчас вераснёўскай Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Дарэчы, сведчаннем таго, што выданне абавязкова зацікавіць шырокую чытацкую аўдыторыю, стала і раптам узнікшая ўжо падчас учорашняй прэзентацыі дыскусія. Захоплена гартаючы старонкі кнігі, яе ўдзельнікі тут жа сталі выказваць свае меркаванні, здагадкі, дзяліцца інфармацыяй. А намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч асобна адзначыў ролю газеты «СБ. Беларусь сёння» — натхняльніка, заснавальніка і галоўнага ўдзельніка праекта «У пошуках страчанага», ідэі якога за мінулыя гады выйшлі далёка за рамкі газетных публікацый і знайшлі сваё ўвасабленне ў кнігах, выстаўках і нават музейных экспазіцыях. Таму ва ўсіх у планах — далейшыя пошукі, а значыць, і абавязковыя адкрыцці.