Свяшчэннік Сергій Ляшкевіч: Донарства крыві дае чалавеку магчымасць выканаць пэўную духоўную патрэбнасць
18 чэрвеня 2017Кожны год 14 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень донара крыві. Гэта падзея служыць падставай для прыцягнення ўвагі грамадскасці да пытання аб патрэбах чалавецтва ў бяспечнай крыві, яе прадуктах і выражэння падзякі донарам за тое, што яны дапамагаюць ратаваць жыццё іншых людзей.
У Беларусі назіраецца рост колькасці бясплатных донараў крыві. Па апошніх дадзеных, кожны чацвёрты донар у краіне здае яе бясплатна. Сотні жыхароў Мінска скарысталіся магчымасцю ўнесці ўклад у выратаванне чужога жыцця. У гарадскім цэнтры трансфузіялогіі на базе 6-й клінічнай бальніцы у Сусветны дзень донара сустракалі незвычайных гасцей: каб паўдзельнічаць у акцыі па здачы крыві, сюды прыехалі байкеры з некалькіх клубаў, сярод якіх можна было сустрэць і медыйных персон.
Раніцай у сталіцы пайшоў амаль восеньскі дождж, а візіт байкераў у гарадскі цэнтр трансфузіялогіі быў запланаваны акурат на першую палову дня. Аднак некамфортнае надвор'е не стала прычынай адмены мерапрыемства. Самых стойкіх і загартаваных у прызначаны час выйшлі сустракаць работнікі цэнтра, якія сталі сведкамі імправізаванага байкерскага параду.
Сярод байкераў, якія выступілі ў ролі донараў крыві, быў іерэй Сяргей Ляшкевіч — настаяцель парафій у вёсках Ляскоўка і Астрашыцкі Гарадок, член буйнога мотаклуба, кіраўнік моладзевага брацтва свяціцеля Лукі Крымскага, бальнічны свяшчэннік. Ідэю бясплатнага донарства крыві і яе папулярызацыю айцец Сергій цалкам падтрымлівае.
— Чаму неабходна гэта рабіць? Думаю, удзел у такім працэсе, як донарства крыві, дапамагае самому чалавеку і дае магчымасць выканаць нейкую духоўную патрэбу, — лічыць святар.
Удзельнікі акцыі сумарна здалі ў дабрачынных мэтах каля 4 л крыві. На памяць аб мерапрыемстве ў іх застануцца невялікія сувеніры і поўная ўпэўненасць у тым, што візіт у медустанову стаў патрэбнай справай у іх жыцці. Дарэчы, маштабная акцыя па бясплатнай здачы крыві праходзіць у Мінску ўжо некалькі тыдняў. Толькі ў гарадскі цэнтр трансфузіялогіі з гэтай мэтай з пачатку месяца звярнуліся больш за 250 чалавек.
Галоўны трансфузіёлаг Мінска Вольга Клімовіч расказала, што да акцыі актыўна падключыліся работнікі медустаноў, студэнты-медыкі. Па яе словах, бясплатнае донарства неабходна развіваць.
— Для гэтага павінна быць створана заканадаўчая база, якая будзе прымальная і для сферы аховы здароўя, і для людзей, — адзначыла Вольга Клімовіч. — Што такое бясплатнае донарства? Калі чалавек за здачу крыві або яе кампанентаў не атрымлівае грошы. Але гэта не значыць, што ён не павінен быць ніяк заахвочаны. Неабходныя нейкія прывілеі, афіцыйныя льготы, бонусы, як гэта адбываецца ў многіх краінах свету. У Беларусі ёсць шмат людзей, гатовых бясплатна здаваць кроў, іх проста варта правільна матываваць.
Кожны дзень у Беларусі праводзяцца сотні аперацый. Донарская кроў неабходная пацярпелым у ДТЗ, анкагематалагічным, анкалагічным пацыентам, а таксама ў акушэрстве і гінекалогіі, транспланталогіі. Толькі ў Мінску штогод нарыхтоўваецца 35 т донарскай крыві — неацэннага біяматерыялу для захавання жыцця.
У Беларусі забеспячэнне ўстаноў аховы здароўя кампанентамі крыві ажыццяўляюць больш за 50 арганізацый пералівання крыві рэспубліканскага, абласнога і гарадскога ўзроўняў. На дадзены момант у краіне налічваецца больш за 80 тысяч донараў цэльнай крыві і 10 тысяч донараў плазмы, у базе дадзеных Цэнтральнага рэестра гемапаэтычных донараў ствалавых клетак зарэгістравана больш за 30 тысяч чалавек.
З 2013 года праводзіцца мэтанакіраваная работа па адраджэнню бясплатнага донарства. Ва ўсім свеце бясплатныя донары лічацца самымі бяспечнымі ў плане здароўя і самымі матываванымі, таму што іх мэтай з'яўляецца выключна узаемадапамога.
Фота: «Минск-Новости»