«Святы Сава — сербская Слава»
05 сакавіка 20183 сакавіка 2018 года ў рамках сербска-беларускай літаратурнай сустрэчы «Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч» на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адбылася прэзентацыя новага перакладу кнігі Драгана Лакічавіча «Посах святога Савы: легенды» (Мінск: Медиал, 2018). Аўтар перакладу — доктар філалагічных навук, вядомы беларускі славіст Іван Чарота.
На жаль, сам аўтар не змог прыехаць, аднак, як сказаў Іван Аляксеевіч, ён з намі «як ангел нябачна прысутнічае». На сустрэчу сабраліся студэнты філалагічнага факультэта БДУ, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Беларусі і Сербіі. Вяла прэзентацыю супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі, сакратар Фонду Дзесанкі Максімавіч Мір'яна Станішыч.
Прафесар Іван Чарота пачаў сваё апавяданне аб Саве Сербскім з разважанняў пра значэнне святога для сербскага народа.
— Павінен прызнацца, — сказаў Іван Аляксеевіч, — што мяне некалі збянтэжыла пачутае з вуснаў аднаго серба слова «Святасаўе», якое той ужыў для вызначэння нацыянальна-гістарычнай сутнасці сербскага Праваслаўя. Падалося гэта, мякка кажучы, не зусім карэктным, бо калі рабіць абагульняючаю выснову на аснове першаснага ўражання, то выходзіць, што абагаўляецца менавіта Сава... Між тым, як высветлілася пазней, дадзенае паняцце-вызначэнне сербамі выкарыстоўваецца даволі часта, прычым не толькі ў простым ўжытку, але і ў літаратуры — творах выдатных пісьменнікаў, а таксама дасведчаных і мудрых багасловаў... Натуральна, захацелася разабрацца, чым жа гэта абумоўлена. Ва ўсякім выпадку, хоць бы паспрабаваць асэнсаваць прычыны такой ступені шанавання святога Савы, якая нават бянтэжыць.
Затым прафесар падзяліўся некаторымі звесткамі, якія прадвызначаюць вынікі гэтага асэнсавання, распавёў аб жыцці святога Савы, у прыватнасці, сказаў, што ў цэлым шэрагу жыцій святога Савы, якія дайшлі да нашага часу (свецкае імя — Расціслаў або Растка, як яго звычайна звалі) засведчаны сапраўды вялікі подзвіг служэння Хрысту, Яго Царкве, Сусветнаму Праваслаўю. Вучоны нагадаў, што першае жыціе святога Савы напісаў яго вучань Даменцыян неўзабаве пасля спачыну святога, а некалькі пазней дапоўніў Тэадосій; абодва яны — афонскія (хіландарскія) манахі.
— Немагчыма пакінуць без увагі і такі, кожнаму сербу вядомы і дарагі, выраз: «Свети Сава — српска Слава», г. зн. «Святы Сава — сербская Слава», — працягнуў прафесар. — Увогуле ж, пры ўсёй уяўнай зразумеласці, на нашу мову яго цяжка перакласці. Справа ў тым, што «Слава» — спецыфічна сербская з'ява, якую мы ў сваёй традыцыі не знаем. Ідэнтычнага паняцця ў нас таксама няма. Ім пазначаецца асаблівае шанаванне (услаўленне) святога апекуна роду — напрыклад, святых Іаана, Георгія, Мікалая, Параскевы... У сербаў са спрадвечных часоў замацавалася традыцыя перадаваць «Славу» ад бацькі да сына, «з рода ў род». Адпаведна, для канкрэтных сем'яў дзень царкоўнага ўшанавання таго ці іншага святога з'яўляецца асабліва значным святам, якое непараўнальна важней, скажам, дня нараджэння каго-небудзь з членаў сям'і. І вось святы Сава шануецца як заступнік усіх сербскіх родаў, г. зн. усяго сербскага народа; да таго ж дзень яго памяці з 1827 года афіцыйна стаў адзначацца як «школска Слава», г. зн. усе школьнікі і студэнты краіны ўслаўляюць яго асветніцкія заслугі.
Святы Сава — не толькі першы сербскі архіепіскап і прадстаяцель Сербскай Царквы, нябесны заступнік і галоўны асветнік сербскага народа, але таксама вярхоўны аб'яднальнік народа ў нацыю, адзін з заснавальнікаў дзяржавы, заснавальнік прававой сістэмы краіны, пачынальнік дыпламатыі, прадвеснік сербскіх паломнікаў на Святую Зямлю, заснавальнік сербскай нацыянальнай славеснасці.
— Тут, дарэчы, нельга не згадаць, — сказаў Іван Аляксеевіч, — што ён з'яўляецца аўтарам першага сербскага жыція — «Аб атрыманні ў спадчыну святога манастыра гэтага прападобным айцом нашым і кцітарам, спадаром Сімяонам і аб жыцці яго, якое было перад Богам і людзьмі» і службы святому Сімяону, трох тыпіконаў, «Кормчай» і іншых пісьмовых прац.
Вось чаму пра набожных сербаў кажуць, што гэта народ святога Савы, а гэтыя сербы маюць поўнае права лічыць: «Святы Сава — гэта наша ўсё».
Іван Аляксеевіч таксама прасачыў сувязі святога Савы з Руссю і Беларуссю.
— Калі браць асобна беларускі аспект, — сказаў прафесар, — то нельга не ўспомніць хоць бы наступнае: Францыск (Георгій) Скарына ў календары сваёй «Малой падарожнай кніжыцы» (1522) сярод нешматлікіх імёнаў славянскіх святых указаў свяціцеля Саву Сербскага; Захар Капысценскі ў сваім палемічным трактаце «Палінодыя» (1621), змест якога накіраваны супраць ненавіснікаў Праваслаўя, згадваў Саву Сербскага як узор для пераймання.
Па словах Івана Чароты, у Сербіі спадчына святога Савы вывучаецца не толькі багасловамі, але і філолагамі, гісторыкамі, этнолагамі, прававедамі. Яму прысвечаны тысячы твораў вуснай народнай творчасці і, напэўна, яшчэ больш твораў мастацкай літаратуры.
— Увогуле, склалася багатая «савіяна», у якую ўнеслі і цяпер ўносяць важкі ўклад пісьменнікі, спрыяючы таму, каб справы святога Савы ацэнены былі па заслугах. Безумоўна, такую ж задачу выконвае і дзівосная кніга Драгана Лакічавіча «Посах святога Савы», — сказаў на заканчэнне прафесар.
На пытанне аднаго з удзельнікаў прэзентацыі, чым быў абгрунтаваны выбар кнігі Драгана Лакічавіча «Посах святога Савы» для перакладу, Іван Чарота адказаў наступным чынам: гэтую кнігу можа чытаць чалавек любога ўзросту, пачынаючы з шасці гадоў і да глыбокай старасці, і кожнаму яна будзе цікавая.
Далей прафесар паскардзіўся на тое, што складана знайсці выдаўцоў для публікацыі перакладаў. Некаторыя яго пераклады сербскіх аўтараў надрукаваны І. Н. Віркоўскім ў выдавецтве Брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла, напрыклад, кніга «Чырвоныя кветкі Косава поля» Невены Віташавіч-Чэкліч і Веры Вукшыч-Віташавіч (2012), а раней, «Маленькі ангел. Хрысціянская азбука» таксама Невены Віташавіч-Чэкліч (2011).
Большая частка перакладаў Івана Чароты друкуецца ў Выдавецтве Дзмітрыя Харчанкі. Гэта кнігі святога Мікалая Сербскага: «Павучанні на кожны дзень года (з «Ахрыдскага пралогу»)»: у 2 ч. (2010, 2014), «Маленні на возеры» (2011, 2014), «З акна цямніцы» (2011), «Цуды Божыя» (2011, 2013, 2014), «Духоўныя павучанні і выслоўі» (2014), «Думкі пра дабро і зло» (2011, 2014), а таксама кнігі епіскапа Рашска-Прызрэнскага і Косаўска-Метахійскага Арцемія (Радасаўлевіча) «Кароткі жыццяпіс святога ўладыкі Мікалая [Сербскага]» (2011), прападобнага Юстына (Попавіча) «Філасофія і рэлігія Ф. М. Дастаеўскага» (2014), старца Фадзея Вітаўніцкага «Калі на сэрцы няма радасці і спакою: думкі і павучанні» (2015) і, нарэшце, «Патрыярх Сербскі Павел: "Умацоўваць толькі верай"» (2010, 2011, 2014), «Посах Патрыярха Паўла: легенды» Драгана Лакічавіча (2014).
Варта адзначыць, што І. А. Чарота перакладаў кнігі сербскіх аўтараў не толькі на рускую, але і на беларускую мову, напрыклад, «Параскева: крыж у пустыні» Ліляны Хаб'янавіч-Джуравіч (надрукаваная ў выдавецтве Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў г. Мінску ў 2012 г.).
У сваім выступленні на прэзентацыі дырэктар выдавецтва «Медиал» І. М. Віркоўскі распавёў аб тым, як ішла падрыхтоўка кнігі Драгана Лакічавіча «Посах святога Савы» да друку, адзначыў, што цяжкасці кнігавыдання, асабліва праваслаўнай літаратуры, звязаны з пошукам добрых аўтараў, праблемамі распаўсюджання тыражу.
У літаратурнай сустрэчы прыняў удзел і беларускі паэт Вадзім Спрынчан. Выступаючы, ён высока ацаніў творчасць І. А. Чароты не толькі як выдатнага вучонага-філолага, знаўцы славянскіх моў, аўтара сур'ёзных публіцыстычных артыкулаў, але і выдатнага перакладчыка. Аднойчы прачытаўшы ў яго перакладзе кнігу сербскага святога ХХ стагоддзя прападобнага Юстына (Попавіча) «Прагрэс у млыне смерці. Пра дух часу» (Мінск, 2001) Вадзім Браніслававіч напісаў некалькі вершаваных радкоў, прысвечаных Івану Аляксеевічу:
Прочесть, услышать и прозреть!
Всяк рожденный осужден на смерть.
И рождающая нас утроба,
Пишет он: «сестра родная гроба».
К истине ведет нас Иустин,
С духом Иустина совместим
Дух подвижнический твой, Иван!
Слова дар тебе от Бога дан!
Дерзай, профессор и поэт,
Идя на православный свет.
Пред духом времени не трусь,
С тобой Христос и Беларусь!
У завяршэнне сустрэчы яе мадэратар Мір'яна Станішыч падзякавала прафесару Івану Чароце не толькі за ўдзел у праграмах Сербіі на выстаўцы, дзе Сербія выступае ў статусе ганаровага госця, але і за ўсё, што ён да сённяшняга дня зрабіў для сербскай культуры і літаратуры. Спадарыня Мір'яна адзначыла, што не раз прысутнічала на розных мерапрыемствах, прысвечаных святому Саве, але ніхто яшчэ не казаў пра яго так шчыра і эмацыянальна, як прафесар Чарота.
— Іван Чарота – адзін з тых рэдкіх людзей, якія выконваюць вялікую духоўную місію навядзення мастоў паміж нашымі культурамі, — сказала Мір'яна Станішыч.
***
Драган Лакічавіч — папулярны ў Сербіі пісьменнік, паэт, публіцыст, гісторык літаратуры, выдавец, лаўрэат шматлікіх прэмій. Нашым чытачам ён вядомы па перакладах кніг «Косаўскія легенды», «Посах Патрыярха Паўла» і іншых, якія маюць грыф Выдавецкага савета БПЦ.
Чарота Іван Аляксеевіч — прафесар, акадэмік Сербскай Акадэміі навук, акадэмік Міжнароднай Славянскай акадэміі, загадчык кафедры славянскіх літаратур філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, член Саюзаў пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Сербіі, узначальвае секцыю перакладу і міжнародных сувязяў Саюза пісьменнікаў Беларусі, сакратар Беларускай Біблейскай камісіі, старшыня таварыства «Беларусь — Сербія», доктар філалагічных навук. Аўтар звыш 600 навуковых і літаратурна-крытычных прац па пытаннях славянскіх літаратур і культур, міжславянскіх сувязяў, гісторыі Праваслаўя на землях усходніх і паўднёвых славян.
Ім апублікавана каля 1200 літаратурна-мастацкіх і багаслоўскіх перакладаў, у тым ліку больш за 80 асобнымі выданнямі: акрамя згаданых вышэй, творы свяціцеля Мікалая Жычскага (Веліміравіча), прападобнага Юстына Чалійскага (Попавіча), Патрыярха Паўла, д-ра Марка С. Маркавіча, І. Андрыч, П. Воранца, Н. Віташавіч-Чэкліч, Б. Зупанчыча, М. Лазіча, Б. Нушыча, Г. Олуіч, Д. Чосіча, Д. Янчара і інш.
Тамара А. Самайлюк