У праекта «Дарогай міласэрнасці — дапамога хоспісам Беларусі» з'явіліся падапечныя ў Гомелі і Магілёве
15 кастрычніка 201714 кастрычніка добраахвотнікі і каардынатар дабравольніцкага руху прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца» ў горадзе Мінску Жанна Мінучыц пабывалі ў Магілёве і Гомелі ў рамках праекта «Дарогай міласэрнасці — дапамога хоспісам Беларусі». Паездка была прымеркавана да Сусветнага дня паліятыўнай і хоспіснай дапамогі.
Добраахвотнікі разам з кіраўніком аддзела па рабоце з моладдзю Магілёўскай епархіі іерэем Віктарам Нікішовым наведалі магілёўскі Дом дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем ЦНС і псіхікі. Адміністрацыі Дома дзіцяці была перададзена 641 адзінка гігіенічных сродкаў, што рэгулярна збіраюцца па лініі дабрачыннай акцыі, якую дабравольніцкі рух праводзіць сумесна з сеткай дыскаунтэраў «Востраў чысціні».
Адбылася сустрэча валанцёраў з дзецьмі, персаналам Дома дзіцяці і магілёўцамі. У атмасферы адкрытасці і добразычлівасці госці падзяліліся вопытам арганізацыі сістэмнай падтрымкі Дома дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным паражэннем ЦНС і псіхікі ў Мінску.
У Гомелі валанцёры пабывалі ў гарадской бальніцы № 4, куды даставілі 586 адзінак гігіенічных сродкаў для паліятыўнага аддзялення і бальніцы сястрынскага догляду і 136 адзінак якаснага адзення і цёплых рэчаў для бальніцы сястрынскага догляду. Вязаныя хусткі, шалі, шкарпэткі, шалікі, шапкі, швэдры і камізэлькі для пацыентаў былі з любоўю звязаны неабыякавымі людзьмі ў рамках акцыі «Утульна, як дома!».