Навучэнцы сталічнай гімназіі №11 наведалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і Мінскую духоўную семінарыю

01 красавіка 2021

top.jpg

Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 30-31 сакавіка 2021 года навучэнцы гімназіі №11 горада Мінска, у рамках рэалізацыі духоўна-адукацыйнага праекта «Логас», наведалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і Мінскую духоўную семінарыю.

Адукацыйная паломніцкая паездка, арганізаваная ў дні Вялікага посту і вясновых школьных канікул МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» і ДУА «Гімназія №11 г. Мінска імя І.Д. Чарняхоўскага» стала падарункам ад мітрапаліта Веніяміна педагогам і навучэнцам, якія асабліва папрацавалі ў падрыхтоўцы і правядзенні каляднага вечара ў гімназіі 20 студзеня 2021 года. У паездцы педагогаў, бацькоў і навучэнцаў суправаджаў старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі.

У першы дзень для гасцей абіцелі адбылася аглядная экскурсія па Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, якая завяршылася на месцы пахавання першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). На месцы спачыну ўладыкі Філарэта святар Святаслаў Рагальскі здзейсніў памінальную ліцію. Затым навучэнцы наведалі Святую крыніцу і заасад, які знаходзіцца ў сядзібе «Старыя Жыровіцы».

У другі дзень паездкі ўдзельнікі паездкі пазнаёміліся з жыццём Мінскай духоўнай семінарыі, наведалі царкоўна-археалагічны музей і бібліятэку. У завяршэнне экскурсіі пілігрымы сустрэліся з рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэем Віктарам Васілевічам, які распавёў аб развіцці духоўнай адукацыі ў Жыровічах і аб гісторыі ўзнікнення Трохсвяціцельскага семінарскага храма. На памяць усім удзельнікам былі ўручаны буклеты аб Мінскай духоўнай семінарыі і студэнцкі часопіс «Ступені».

Church.by