У Баранавіцкім раёне ўшанавалі памяць першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата

21 мая 2021

top.jpg

21 мая 2021 у Баранавіцкім раёне прайшоў мітынг-рэквіем, прымеркаваны да 25-годдзя подзвігу першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. На месцы падзення самалёта, які Уладзімір Карват 23 мая 1996 года адвёў ад аграгарадка Арабаўшчына, усталяваны мемарыял.

Ушанаваць памяць героя сабраліся яго блізкія сваякі, прадстаўнікі ўлады і духавенства, мясцовыя жыхары, навучэнцы, у тым ліку школ №8 Брэста і №182 Мінска, якія носяць імя першага Героя Беларусі.

Подзвіг Уладзіміра Карвата 19 мая 2021 года паўтарылі лідскія лётчыкі Андрэй Нічыпарчык і Мікіта Куканенка, адвёўшы няспраўны самалёт ад жылых дамоў.

У памяць аб лётчыках, якія цаной уласных жыццяў адвялі падаючыя самалёты ад жылых дамоў, адбылася хвіліна маўчання. Прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыяла. У яксці даніны павагі да подзвігу Уладзіміра Карвата з месца яго гібелі ўзята зямля, якую перададуць у храм-помнік Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, у горадзе Мінску.

«Хрыстос Уваскрэс! Гэтыя словы цяпер самыя дакладныя, самыя праўдзівыя і самыя патрэбныя. Яны сцвярджаюць перамогу над смерцю. Сёння мы адчуваем іх сэнс усім сэрцам. Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка перайшлі са смерці ў вечнае жыццё. Мы шануем памяць трох герояў: Уладзіміра Карвата, Андрэя Нічыпарчыка і Мікіту Куканенку. «Як ўгодна было Богу, так і сталася» — казаў Іаў Шматпакутны, чый дзень Праваслаўная Царква адзначала 19 мая. І гэта сённяшняе пасланне Бога нам — «Не пытацца за што, але прымаць славу гэтых людзей, дзякаваць і памятаць іх». Малітва аб душах Уладзіміра, Андрэя і Мікіты будзе гучаць у стагоддзях у крыпце храма-помніка, дзе будзе змешчана гэтая зямля да таго часу, пакуль у крыпту храма-помніка будуць прыходзіць людзі. Так спраўджваецца абяцанае Госпадам: памяць пра праведнага благаславёная будзе, а імя бязбожных зганьбіцца. Мне часта задаюць пытанне: Што такое патрыятызм? Тут і цяпер я знайшоў на яго правільны адказ: патрыятызм — гэта нарадзіцца, працаваць і памерці дзеля людзей — якія і ёсць наша Айчына», — сказаў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны.

БЕЛТА/Сhurch.by