У Белдзяржфілармоніі прайшоў канцэрт, прысвечаны 120-годдзю Мінскага Аляксандра-Неўскага храма
15 верасня 201814 верасня 2018 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў канцэрт, прысвечаны 120-годдзю храма-помніка святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску.
У перапоўненай зале прысутнічалі: намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка, генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар, члены апякунскай рады парафіі.
Праграму адкрыла кантата С. С. Пракоф'ева «Аляксандр Неўскі» ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраваннем народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава.
На сцэне таксама выступілі: узорна-паказальны аркестр Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Р. Шырмы, узорны хор старэйшых класаў ДМШМ № 10 імя Я. А. Глебава, навучэнцы аддзялення званароў Мінскага духоўнага вучылішча, Аляксандра Арбузава.
Асаблівае месца ў праграме занялі духоўныя спевы ў выкананні хору Аляксандра-Неўскага храма пад кіраваннем Сяргея Смольскага.
Канцэртную праграму завяршыла уверцюра П. І. Чайкоўскага «1812 год» у выкананні ўсіх выступоўцаў творчых калектываў.
— 120 гадоў — гэта вялікая дата. У гэтага храма асаблівая гісторыя: нягледзячы на трагічную гісторыю, храм выстаяў, падобна таму, як выстаяў вялікі князь Аляксандр Неўскі ў бітвах. Для мінчан гэта святочная дата. Я дзякую ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы гэтага свята, і ўсім, хто прыйшоў з намі падзяліць радасць, — сказаў, звяртаючыся да гледачоў, настаяцель храма протаіерэй Мікалай Коржыч.
— Храм у гонар святога Аляксандра Неўскага з'яўляецца здабыткам не толькі сталіцы, але і ўсёй Беларусі. Гэта храм веры, надзеі і любові, — падкрэсліў старшыня апякунскай рады парафіі, экс-віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Дражын, які выказаў падзяку маэстра Аляксандру Анісімаву і ўсім, «хто ўклаў сэрца ў падрыхтоўку гэтага свята».
— Хачу нагадаць словы Ганаровага [Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі] Мітрапаліта Філарэта, які сказаў, што філармонія — гэта таксама храм, але храм мастацтва, а аркестр - гэта служыцелі. Мы цэнім, што сабралася столькі неабыякавых людзей, а гэта заслуга веры. Дзякуй за гонар, які быў аказаны нашаму калектыву — сказаў маэстра Анісімаў.
За заслугі перад Рэспублікай Беларусь прыход храма-помніка святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага быў адзначаны Ганаровай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.