У Бабруйску пачаў работу VI Міжнародны фестываль падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Шчасце ў дзецях»
19 мая 201718 мая 2017 года ў Бабруйску пачаў сваю працу VI Міжнародны фестываль падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Шчасце ў дзецях».
Мерапрыемствы пачаліся акцыяй высадкі саджанцаў сакуры ля будынка радзільнага дома на вуліцы Савецкай. Па заканчэнні яе ў радзільным доме адбыўся семінар-практыкум «Павышэнне эфектыўнасці перадабортнага кансультавання ў установах аховы здароўя».
Акрамя епіскапа Серафіма, у прэзідыум пленарнага пасяджэння ўвайшлі: намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Маркачоў, доктар медыцынскіх навук, дацэнт, загадчыца кафедры філасофіі, біяэтыкі, гісторыі медыцыны і сацыяльных навук Смаленскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вераніка Астапенка, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па сацыяльным служэнні протаіерэй Кірыл Шолкаў, старшыня Сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел Сярдзюк, старшыня камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Санкт-Пецярбургскай епархіі протаіерэй Аляксандр Дзягілеў.
У 11 гадзін у кінатэатры «Таварыш» епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім прывітальным словам адкрыў пленарнае пасяджэнне «Сямейная палітыка ў сучасным свеце: праблемы, тэндэнцыі і перспектывы».
У сваім прывітанні да арганізатараў і ўдзельнікаў уладыка падкрэсліў важнасць фестывалю, які стаў ужо традыцыйным для Бабруйска, і значнасць для Царквы і грамадства ўзнятых ім праблем, а таксама пажадаў усім карыснай і плённай працы.
У рамках фестывалю пройдуць семінары, пасяджэнні, круглыя сталы на тэмы сямейных крызісаў, перапынення цяжарнасці і каштоўнасці жыцця, абароны дзяцей, а таксама ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу моладзевых сацыяльных праектаў «Мой выбар — жыццё і здароўе — 2017».
Мэта фестывалю — прыцягненне грамадскай увагі да традыцыйных сямейных каштоўнасцей, абмен вопытам работы, накіраванай на ўмацаванне інстытута сям'і, павелічэнне нараджальнасці і пераадоленне дэмаграфічнага крызісу.
Арганізатары фестывалю «Шчасце ў дзецях» — Бабруйская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Бабруйскі гарвыканкам, «Цэнтр падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы».
У мерапрыемствах фестывалю прымаюць удзел прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзяржаўных і гарадскіх органаў улады, грамадскіх арганізацый, устаноў аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны, навучэнцы і студэнты, а таксама госці з Расіі і Літвы.