У Брэсцкай епархіі адбыўся семінар для царкоўных работнікаў

17 мая 2017

top.jpg

16 мая 2017 года ў прыходзе сабора Уваскрэсення Хрыстова ў горадзе Брэсце пад старшынствам архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана адбыўся семінар для царкоўных работнікаў, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі кожнага прыхода Брэсцкай епархіі — усяго 256 чалавек.

Галоўная задача семінара заключалася ў тым, каб дапамагчы царкоўным работнікам спраўляцца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у іх служэнні і зносінах з рознымі катэгорыямі людзей, якія прыйшлі ў царкву.

Нярэдка неразуменне асноў жыцця Царквы і царкоўнага этыкету, прагматычнае стаўленне да храма як да месца аказання платных рэлігійных паслуг прыводзіць да розных канфліктных сітуацый паміж уцаркоўленымі і неўцаркоўленымі людзьмі. Каб папярэдзіць узнікненне такіх сітуацый на прыходах, і быў праведзены семінар.

Мерапрыемства адкрылася ўступным словам архіепіскапа Іаана. Затым быў заслуханы даклад старшыні місіянерскага аддзела Брэсцкай епархіі свяшчэнніка Паўла Юрчэні.

Далей прагучала 7 дакладаў. Дакладчыкі — духавенства, царкоўныя работнікі, псіхолаг і выкладчык нядзельнай школы — падзяліліся сваім досведам у галіне камунікацыі з людзьмі з розных сацыяльных катэгорый.

Па выніках работы семінара было прынята рашэнне праводзіць падобныя курсы і далей, павышаць культуру зносін прыходскіх работнікаў і ўзровень іх асабістай кампетэнтнасці ў царкоўных пытаннях, рэкамендаваць царкоўным работнікам з пачуццём цярпення і хрысціянскай любві ставіцца да людзей, якія прыходзяць у храм, аказваючы ім пасільную падтрымку ў справе ўцаркаўлення.

Таксама створана камісія па каардынацыі дзейнасці навучальных курсаў у рамках Брэсцкай епархіі.

Брэсцкая епархія / Church.by