У Бабруйску завяршыўся IX фестываль у падтрымку сям'і, мацярынства і дзяцінства «Шчасце ў дзецях»
15 мая 2021У Бабруйску завяршыўся IX фестываль у падтрымку сям'і, мацярынства і дзяцінства «Шчасце ў дзецях», прымеркаваны да Міжнароднага дня сям'і.
Гэты традыцыйны ўніверсальны форум, аднолькава карысны і цікавы як для спецыялістаў, якія працуюць у сферы абароны жыцця, так і для валанцёраў, закліканых працаваць для выратавання жыццяў ненароджаных дзяцей. У рабоце фестывалю прынялі ўдзел дзяржаўныя, царкоўныя, грамадскія дзеячы, а таксама прадстаўнікі сферы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны з Беларусі і Расіі.
Урачыстае адкрыццё фестывалю прайшло 13 мая ў Цэнтры падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы» горада Бабруйска. У гэты ж дзень адбылася канферэнцыя «Сям'я і дзяржава: Значэнне, тэндэнцыі, перспектывы», удзел у якой прынялі прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Бабруйскага гарвыканкама, дэпутацкага корпуса, Бабруйскай епархіі, грамадскіх аб'яднанняў, моладзь і педагогі.
14 мая, на другі дзень фестывалю, прайшла практычная канферэнцыя «Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі: вопыт, праблемы, шляхі развіцця».
Удзельнікі канферэнцыі разгледзелі пытанні духоўна-маральнага выхавання моладзі на аснове праваслаўных традыцый і сямейных каштоўнасцяў, абмеркавалі сучасныя тэндэнцыі сацыяльна-дэмаграфічнага развіцця ў Беларусі і Расіі, ролю дзяржавы і грамадскіх арганізацый у падтрымцы сем'яў і іншыя пытанні па тэмах мацярынства і дзяцінства.
Канферэнцыю адкрыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Клішэвіч. Ён падкрэсліў важнасць грамадскай падтрымкі ў справе сямейнага выхавання і ў пытаннях дэмаграфіі. Таксама ён акрэсліў асаблівую дзейную ролю Праваслаўнай Царквы ў вырашэнні дадзеных пытанняў.
Адным з галоўных гасцей другога дня фестывалю стаў кіраўнік Праект-цэнтра Упаўнаважанага пры прэзідэнце РФ па правах дзіцяці па Ніжагародскай вобласці Рыгор Сайфулін. У сваім звароце ён пазначыў галоўную пагрозу сучаснасці і адзначыў добры беларускі вопыт у справе фарміравання і ўмацавання сямейных каштоўнасцяў у маладзёжным асяроддзі:
«Галоўная пагроза і для Беларусі, і для Расіі — гэта выжыванне народаў. У Беларусі за апошнія 20 гадоў колькасць насельніцтва скарацілася амаль на 650 тысяч чалавек. У Расіі лічбы яшчэ больш красамоўныя. Але нам важна не проста колькасць людзей, нам важна, каб нараджальнасць расла і дзеці нараджаліся і выхоўваліся ў сем'ях, каб сем'і былі моцныя, каб дзіця выхоўваўся ў атмасферы любові, шчасця, увагі да сябе. Зыходзячы з гэтага, тэматыка дзейнасці ўкладваецца ў шэраг напрамкаў, сярод ключавых тут можна згадаць добры беларускі вопыт — цэнтра «Пакровы». Гэта тычыцца акрамя сацыяльнай падтрымкі, яшчэ і працы з моладдзю ў справе фарміравання і ўмацавання сямейных каштоўнасцяў у маладзёжным асяроддзі і падрыхтоўкі моладзі да шлюбу і сямейнага жыцця», — адзначыў ён.
Працягнулі фестывальны дзень некалькі навучальных семінараў, якія правёў Рыгор Сайфулін.
15 мая, у трэці дзень фестывалю, у фармаце адкрытага дыялогу адбылася сустрэча епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма з бабруйскімі сем'ямі на тэму «Духоўна-маральныя асновы сям'і, зберажэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў».
Завяршыўся фестываль канцэртнай праграмай.