У дзень памяці роўнаапостальнай Марыі Магдаліны мітрапаліт Веніямін здзейсніў Бажэственную літургію ў Марыі-Магдалінінскім храме горада Мінска
04 жніўня 20214 жніўня 2021 года, у дзень памяці святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Марыі-Магдалінінскім храме горада Мінска.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: благачынны 1-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель Петрапаўлаўскага сабора горада Мінска протаіерэй Георгій Латушка; старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, благачынны 4-й Мінскай гарадской царкоўнай акругі, настаяцель прыхода храма Усіх Святых горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны; настаяцель прыхода храма роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска протаіерэй Уладзімір Харашэвіч, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска іерэй Дыянісій Кавалёў; госці ў свяшчэнным сане і клірыкі прыхода.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам Святланы Жыгала.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Антоній Казлоў.
Пасля заамвоннай малітвы адбыўся хрэсны ход, а затым быў здзейснены чын слаўлення святой.
Па заканчэнні Бажэственнай літургіі з прывітальным словам да Патрыяршага Экзарха звярнуўся настаяцель Марыі-Магдалінінскага храма протаіерэй Уладзімір Харашэвіч. На малітоўную памяць ён паднёс высокаму госцю абраз роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.
Мітрапаліт Веніямін падзякаваў айцу Уладзіміру за словы прывітання, павіншаваў духавенства і прыхаджан храма з прастольным святам і звярнуўся да багамольцаў са словам павучання.
Затым архіпастыр уручыў грамату Патрыяршага Экзарха протадыякану Міхаілу Страху і каштоўныя падарункі дабрадзеям храма.
У завяршэнне уладыка Экзарх павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.