У вёсцы Заходы Шклоўскага раёна асвечаны храм
06 кастрычніка 20173 кастрычніка 2017 года епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніў чын вялікага асвячэння храма ў гонар свяціцеля Мікалая, архіепіскапа Мір Лікійскіх, цудатворца, у вёсцы Заходы Шклоўскага раёна. Пасля асвячэння ў новым храме была здзейснена першая Бажэственная літургія.
Для ўдзелу ў гэтым богаслужэнні на Магілёўскую зямлю прыбылі высокія госці са Святой Гары Афон і з Малдаўскай Праваслаўнай Царквы: настаяцель афонскага манастыра Пантакратар архімандрыт Гаўрыіл і настаяцель Свята-Уладзімірскага манастыра ў горадзе Кішынёве архімандрыт Нектарый (Герман).
Айцец Нектарый па благаславенню мітрапаліта Кішынёўскага і ўсяе Малдовы Уладзіміра прывёз для пастаяннага знаходжання ў Нікольскім храме каўчэг з часціцай мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца.
Яго Праасвяшчэнству таксама саслужылі: сакратар Магілёўскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Генадзь Пацэвіч, протаіерэй Мікалай Жук, протаіерэй Уладзімір Рыбакоў, благачынны Шклоўскай акругі протаіерэй Андрэй Рыбакоў і протадыякан Пётр Жук.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам Галіны Глушаковай.
У храме прысутнічалі: кіраўнік спраў Шклоўскага раёна Вадзім Васільевіч Рагавой і старшыня Шклоўскага раённага савета народных дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Давыдовіч.
Па заканчэнні Літургіі епіскап Сафроній павіншаваў усіх прысутных з набыццём новага храма, падзякаваў айцу Гаўрыілу і айцу Нектарыю за візіт, сумесную малітву і паднесеную ў дар святыню.
Было абвешчана мнагалецце, пасля чаго епіскап уручыў узнагароды ўсім актыўна папрацаваўшым пры стварэнні храма. Архіпастыр асабліва падзякаваў кцітару храма Мікалаю Мікалаевічу Грышкуну, уручыўшы яму ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага, а таксама протаіерэю Андрэю Рыбакову, які нёс асноўную працу па будаўніцтве і аздабленню Мікольскай царквы.
Скончылася ўрачыстасць сумеснай святочнай трапезай, дзе вернікі змаглі ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з правячым архіерэем.