У старажытным храме вёскі Сынкавічы адбыліся ўрачыстасці ў гонар іконы Божай Маці «Усецарыца»

03 верасня 2018

top.jpg

31 жніўня 2018 года архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій узначаліў урачыстасці, прысвечаныя іконе Божай Маці «Усецарыца». Урачыстасці прайшлі ў храме ў гонар Архангела Міхаіла вёскі Сынкавічы, дзе знаходзіцца цудатворны спіс гэтага абраза.

Ушанаваць свята і саслужыць архіепіскапу Арцемію за Бажэственнай літургіяй у старажытны храм-крэпасць прыбылі: епіскап Супрасльскі Андрэй, вікарый Беластоцкай епархіі Польскай Праваслаўнай Царквы, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, а таксама духавенства Гродзенскай епархіі.

Цудатворны абраз Божай Маці «Усецарыца», напісаны ў XVII стагоддзі, знаходзіцца ў манастыры Ватапед на Афоне. На ёй намалявана Багародзіца, Якая сядзіць на троне ў асяроддзі двух архангелаў. На каленях Яна трымае Бажэственнае немаўля, паказваючы на яго правай рукой і як бы кажучы: «вось Той, Хто падасць вам палёгку на нялёгкім шляху зямнога жыцця». З часам людзі сталі заўважаць, што па малітвах перад гэтай іконай атрымліваюць ацаленне людзі, што пакутуюць на анкалагічныя захворванні. Вестка аб гэтым хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце.

Па словах настаяцеля Міхайлаўскага храма протаіерэя Арсенія Ананкі, сынкавіцкі спіс абраза Божай Маці «Усецарыца» створаны вядомым мастаком на ахвяраванні сям'і, удзячнай за ацаленне.

Гродзенская епархія / Church.by