У фонд Брытанскай бібліятэкі паступіў беларускі пераклад Новага Запавету
08 чэрвеня 20194 чэрвеня 2019 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Вялікабрытаніі адбылася перадача ў фонд кнігасховішчаў беларускага перакладу Свяшчэннага Пісання Новага Запавету.
У цырымоніі прымалі ўдзел клірык Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна протаіерэй Уладзімір Пятручык, доктар, вядучы куратар Усходне-Еўрапейскай і Амерыканскай калекцыі Брытанскай бібліятэкі Кацярына Рагачоўская, кандыдат гістарычных навук, сакратар Таварыства «Руская спадчына ў Злучаным Каралеўстве» Юлія Пляўкшта.
Сёння Брытанская бібліятэка прызнана адной з найбуйнейшых у свеце. У яе зборы больш за 170 мільёнаў адзінак захоўвання: асобнікаў кніг, рукапісаў, геаграфічных карт, падшывак газет і часопісаў, розных гравюр і малюнкаў, марак, патэнтаў. З 1983 года бібліятэка з'яўляецца захавальнікам Нацыянальнага гукавога архіва, цяпер тут захоўваюцца гуказапісы і ноты, рукапісы музычных нотных запісаў, пачынаючы ад твораў Гендэля да «Бітлз».
Увечары гэтага ж дня пратаіерэй Уладзімір Пятручык сустрэўся з Паслом Беларусі ў Вялікабрытаніі Сяргеем Фёдаравічам Алейнікам. Падчас сустрэчы спадару паслу былі перададзены ў дар беларускі пераклад кніг Новага Запавету, а таксама друкаваныя выданні Гродзенскай епархіі і Пакроўскага кафедральнага сабора.