У год 85-годдзя з дня скону свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў Беларускай Праваслаўнай Царкве адкрыўся другі прыход у гонар гэтага ўгодніка Божага

26 мая 2017

top.jpg

У 2017 годзе спаўняецца 85 гадоў з дня смерці беларускага свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, кананізаванага Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 1999 годзе. Гэты вялікі падзвіжнік веры і набожнасці вельмі любімы беларусамі. Яго шануюць не толькі ў Рэспубліцы Беларусь — у 2000 годзе Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы свяшчэннамучанік Уладзімір Хіраска быў далучаны да ліку святых новамучанікаў і вызнаўцаў для агульнацаркоўнага шанавання.

Ужо існуе прыход храма ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску і моладзевае брацтва імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі пры мінскім прыходзе храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць».

Праваслаўныя хрысціяне Беларусі працягваюць праслаўляць імя любімага святога. У маі 2017 года прыход храма ў гонар святога свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі адкрыўся ў аграгарадку Пагост Бярэзінскага раёна (Барысаўская епархія).

Настаяцель храма іерэй Сергій Чэрняк адзначае:

— Свяшчэннамучанік Уладзімір 12 гадоў нёс свой послух на тэрыторыі цяперашняй Барысаўскай епархіі. За гады служэння прыхаджане вельмі палюбілі бацюшку і са слязамі на вачах праводзілі на новае месца служэння — Мінск. У аграгарадку Пагост да Вялікай Айчыннай вайны існавала царква. У 30-я гады яе перарабілі ў клуб, а потым пры адступленні нямецкіх захопнікаў яна згарэла. Людзі чакалі адкрыцця храма, яны маюць патрэбу ў Таінствах, малітве, пастырскім акармленні і богаслужэннях. Усюды, дзе з'яўляецца малітва, з'яўляецца святло і цяпло, мясцовасць вакол ажывае і расцвітае. Расцвітаюць і людзі.

Аграгарадок Пагост — вельмі маляўнічае месца, другі па велічыні населены пункт у Бярэзінскім раёне. Тут размяшчаюцца школа, аддзяленні пошты і банка, крамы і амбулаторыя. Насельніцтва Пагоста і прылеглых вёсак — 3200 чалавек. Храм размясціўся ў каменным будынку ў самым цэнтры Пагоста. Мясцовыя жыхары не абыходзяць храм бокам: заходзяць і дарослыя, і дзеці, бо душа чалавечая адчувае свайго Нябеснага Айца і імкнецца да Яго.

Прыход храма ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі у аграгарадку Пагост падтрымлівае добрыя прыязныя адносіны з аднайменнымі прыходам і моладзевым брацтвам горада Мінска. Наперадзе вялікія сумесныя планы.

— Будзем разам крочыць насустрач Вечнасці, падтрымліваючы адзін аднаго, як наказаў нам Хрыстос, бо жыццё — гэта дар Яго нам, Яго дзецям, — кажа настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску іерэй Дзімітрый Ворса.

Барысаўская епархія / Church.by