У Гомелі адбыўся VI Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях «Фавор»
21 мая 2019На базе Гомельскага абласнога дзяржаўнага Палаца творчасці дзяцей і моладзі адбыўся VI Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях «Фавор».
Спаборніцтвы праходзілі па наступных намінацыях:
«7х7 для эрудытаў»
«Мазгавы штурм»
Турнірнае «Што? Дзе? Калі?»
Інтэлектуальная база турніру была распрацавана і падрыхтавана прадстаўніком МАК у Рэспубліцы Беларусь, кіраўніком клуба інтэлектуальных гульняў «Белая рысь» Леанідам Клімовічам.
Судзейская калегія была прадстаўлена педагогам вышэйшай катэгорыі Тамарай Васільеўнай Клімовіч, старшынёй місіянерскага аддзела Гомельскай епархіі протаіерэем Арцеміем Крывіцкім.
Пасля зверкі вынікаў заліковых гульняў і разгляду апеляцый сфарміравалася табліца пераможцаў і ўдзельнікаў «Фавора», якая была афіцыйна агучана на ўрачыстым закрыцці турніру 17 мая.
Нягледзячы на тое, што ўсе турнірныя гульні былі пройдзеныя, пасля абеду хлопцаў і дзяўчат чакаў новы сусвет ведаў. Пры падтрымцы Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі ўдзельнікі міжнароднага турніру «Фавор» наведалі інтэрактыўную выставу «Сусвет Інтэрнэту» (сумесны праект Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кампаніі МТС і дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ) у інтэрактыўных залах падлеткі ў гульнявой форме даведаліся пра гісторыю Інтэрнэту, правілы паводзін, бяспечны кантэнт і абарону асабістай інфармацыі. Рабят навучылі карыстацца антывірусамі, ствараць надзейныя паролі і распавялі, якую інфармацыю не варта размяшчаць у сацыяльных сетках.