У Гомельскай епархіі прайшла дабрачынная акцыя «Ад сэрца да сэрца»
17 лютага 202115 лютага 2021 года, у свята Стрэчання Гасподняга і Дзень праваслаўнай моладзі, Гомельская епархія правяла дабрачынную акцыю «Ад сэрца да сэрца».
Па шматгадовай традыцыі, моладзь і святары праваслаўных прыходаў наведваюць пажылых хворых і нямоглых людзей. Без увагі не застаюцца таксама прыхаджане, якія, нягледзячы на паважны ўзрост, нястомна працуюць пры храмах на розных послухах. Для ўсіх гэтых людзей акрамя цёплых слоў і віншаванняў са святам рыхтуюцца прадуктовыя наборы.
Да ўдзелу ў акцыі далучыўся архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан. 15 лютага ён наведаў падапечных Уваравіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
Падчас дабрачыннага візіту дому-інтэрнату былі перададзены сродкі асабістай гігіены і салодкія пачастункі. Таксама ўладыка Сцяфан падарыў установе іконц Пакрова Прасвятой Багародзіцы, духоўныя кнігі і праваслаўныя календары. У ходзе гутарак з падапечнымі і медперсаналам уладыка кожнаму ўручыў абразкі і пажадаў усім здароўя і усемагутнай дапамогі Божай.
Мерапрыемствы ў рамках акцыі «Ад сэрца да сэрца» прайшлі ў Гомелі, Жлобіне, Рагачове, Светлагорску, іншых гарадах і населеных пунктах.