У гарадскім пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна адзначылі 110-годдзе асвячэння храма
26 верасня 202124 верасня 2021 года ў храме Святой Жыццепачатнай Троіцы гарадскога пасёлка Рось Ваўкавыскага раёна саборным чынам была здзейснена Бажэственная літургія з нагоды 110-годдзя з дня асвячэння храма.
Урачыстае набажэнства ўзначаліў настаяцель храма протаіерэй Віктар Каласоўскі.
У саборнай малітве таксама прынялі ўдзел: клірык прыхода храма Богаяўлення горада Шчучына іерэй Ігар Каласоўскі; настаяцель прыхода храма Успення Прасвятой Багародзіцы вёскі Гарбачы Бераставіцкага раёна іерэй Уладзімір Грышкевіч; клірык прыхода храма святых апосталаў Пятра і Паўла горада Ваўкавыска іерэй Антоній Федасееў; клірык прыхода храма Святой Жыццепачатнай Троіцы гарадскога пасёлка Рось іерэй Андрэй Русавук.
Пасля запрычаснага сціха пропаведзь прамовіў іерэй Антоній Федасееў. Ён нагадаў прыхаджанам, што храм з'яўляецца тым месцам, дзе праваслаўны хрысціянін павінен навучыцца мець зносіны з Богам, Яго хваліць і славасловіць. Айцец Антоній заклікаў усіх любіць свой храм і прывучаць сябе да малітвы.
Пасля Бажэственнай літургіі быў адслужаны падзячны малебен за ўсе Божыя дабрадзействы да Свята-Троіцкага храма.
Затым была здзейснена памінальная ліція, падчас якой духавенства і набожныя міране памаліліся аб спачылых настаяцелях, будаўніках і ўсіх папрацаўшых у гэтым святым храме.
* * *
Адносна часу будаўніцтва першай царквы ў Росі няма дакладных звестак. Адна з першых дакументальных згадак аб храме ў маёнтку Рось знаходзіцца ў «Інвентары маёнтка Роскага, з апісаннем царквы, якая пры ёй знаходзіцца» ад 1 чэрвеня 1571 года, у якім даецца падрабязнае апісанне Роскай царквы. У інвентары гаворыцца, што царква была ў гонар святога прарока Іліі. Яна знаходзілася побач з домам уладальніка маёнтка. У 1611 годзе па загадзе Гераніма Хадкевіча яна была разабрана і перанесена ў суседнюю вёску Агароднікі па прычыне крайняй яе драхласці, на тое месца, дзе стаіць сучасны праваслаўны храм.
Чарговая — тады ўжо ўніяцкая — царква ў Росі была пабудавана ў 1745 годзе, аб чым сведчыць візітны вопіс гэтай царквы. Яна была драўляная і стаяла на горцы, дзе стаіць сучасны храм. Вакол яе знаходзіліся могілкі. У 1835 годзе ў царкве быў усталяваны іканастас і ахвярнік. Уз'яднанне з Праваслаўнай царквой на прыходзе адбылося ў чэрвені 1839 годзе, пасля аб'яўлення на прыходзе ўказа і граматы аб уз'яднанні уніятаў. У канцы XIX стагоддзя і гэтая драўляная царква струхлела. З прычыны гэтага паўстала неабходнасць будаўніцтва новага каменнага храма.
У 1901 годзе Свяцейшы Сінод зацвердзіў распрацаваны ў Гродне праект будаўніцтва новай каменнай царквы ў мястэчку Рось. У 1908 годзе адбылася закладка каменнай царквы і пачалося будаўніцтва. Урачысты чын асвячэння храма быў здзейснены 11 верасня (паводле старога стылю) 1911 года Праасвяшчэнным Міхаілам, епіскапам Гродзенскім і Брэсцкім, вікарыем Гродзенскай епархіі. На працягу сваёй гісторыі храм ніколі не закрываўся і набажэнствы ў ім здзяйсняліся рэгулярна.
Такім чынам, у 2021 годзе прыход Свята-Троіцкага храма ў Росі адзначае 450 гадоў ад першага дакументальнага апісання Роскай царквы і 110 гадоў з дня асвячэння цяперашняга каменнага храма.