Польскі рэжысёр Юрый Каліна паказаў праваслаўным гарадзенцам свой фільм «Бежанцы. 1915-1922»
30 кастрычніка 201729 кастрычніка 2017 года ў клубе праваслаўных сувязей пры Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна польскі рэжысёр Юрый (Ежы) Каліна прадставіў дакументальны фільм «Бежанцы. 1915-1922». Для Беларусі паказ стужкі быў прэм'ерным.
Карціна апавядае аб адным з самых маштабных у ХХ стагоддзі прымусовых перасяленняў, калі свае дамы пакінулі больш трох мільёнаў чалавек, пераважна праваслаўных беларусаў, украінцаў і рускіх. Трэць з іх загінула.
Перад пачаткам прагляду госця і ўсіх тых, хто сабраўся, павітаў настаяцель Пакроўскага сабора протаіерэй Георгій Рой.
Юрый Каліна распавёў пра гісторыю стварэння фільма, адказаў на пытанні з залы. Некаторыя гледачы падзяліліся і асабістымі ўспамінамі пра падзеі векавой даўнасці, якія закранулі іх сем'і. Толькі ў Гродзенскай губерні перасяленне закранула 80 працэнтаў праваслаўных жыхароў.
Асноўная праца над фільмам «Бежанцы. 1915-1922» была праведзена за апошнія 2-3 гады, але першыя здымкі жывых сведак былі зробленыя яшчэ 20 гадоў таму.
— Я стараўся зрабіць фільм адукацыйным, спецыяльна для тых, хто наогул нічога не ведае аб гэтай гісторыі, — адзначыў Юрый Каліна.
У завяршэнне сустрэчы протаіерэй Георгій Рой нагадаў, што памяць аб падобных падзеях нашай гісторыі павінна быць у першую чаргу нагодай для малітвы Госпаду аб пацярпелых і аб недапушчэнні паўтарэння падобных трагедый.