У храмы Гомеля хрэсным ходам быў дастаўлены Благадатны агонь

17 красавіка 2017

top.jpg

У Велікодную ноч з 15 на 16 красавіка 2017 года ў Гомель з Іерусаліма быў дастаўлены Благадатны агонь. Раніцай, у свята Светлага Хрыстовага Уваскрасення, пры шматлюдным сходзе народа агонь быў дастаўлены ў храмы Гомеля хрэсным ходам, у суправаджэнні перасоўнай званіцы Спаса-Праабражэнскага храма.

Шэсце Благадатнага агню пачалося з кафедральнага Петра-Паўлаўскага сабора. Па благаславенні епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана благачынны манастыроў Гомельскай епархіі архімандрыт Амвросій (Шаўцоў) прама на прыступках сабора перадаў Благадатны агонь святарам, якія суправаджалі перасоўную званіцу. Званарамі былі Антон Кастрама і Павел Патапенка.

Пералівісты звон разносіў добрую вестку пра Уваскрасенне Гасподняе, запаўняў сабой вуліцы і сэрцы людзей.

Ля храмаў Благадатны агонь сустракалі як духавенства, так і вернікі.

Гомельская епархія / Church.by