У Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі адбыўся круглы стол на тэму «Навука і рэлігія»

30 лістапада 2017

top.jpg

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі, у Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі 27 лістапада на базе кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін прайшоў круглы стол на тэму «Навука і рэлігія». У працы круглага стала ўзялі ўдзел магістранты прыродазнаўчых спецыяльнасцяў і выкладчыкі ІПНК.

У сваім ўступным слове рэктар ІПНК доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ігар Іванавіч Ганчаронак адзначыў важнасць працы, якая праводзіцца падчас сустрэчы, у кантэксце Года навукі і яе значнасць у рамках супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

З асноўным дакладам «Прырода і структура навуковых і рэлігійных ведаў» выступіў старшыня Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі — кандыдат багаслоўя, дацэнт Інстытута тэалогіі БДУ і Мінскай духоўнай акадэміі. У сваім дакладзе айцец Святаслаў ахарактарызаваў спецыфіку прадмета навукі і яе паняційнага і метадалагічнага інструментарыя. Ён адзначыў, што навука і рэлігія з'яўляюцца рознымі спосабамі спасціжэння Тварца, створанага свету і чалавека. Быў прыведзены шэраг паказальных прыкладаў, якія сведчаць аб тым, што многія навукоўцы усіх часоў і народаў былі людзьмі рэлігійнымі.

Прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, доктар філасофскіх навук, прафесар Аляксей Іванавіч Осіпаў у сваім выступленні падкрэсліў, што паміж навукай і рэлігіяй ёсць адрозненні. Але адрозненні не азначаюць несумяшчальнасць, а тым больш канфрантацыю. Навука і рэлігія знаходзяцца ў адносінах камплементарнасці (узаемнага дапаўнення). Гэта адкрывае магчымасць іх плённага супрацоўніцтва. Рэлігія можа даць навуцы маральную сістэму каардынатаў, якая дазволіць пазбегнуць патэнцыяльна небяспечных наступстваў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сацыяльна адказныя і маральна разумныя навукоўцы могуць знайсці ў рэлігіі апору для процідзеяння небяспечным эксперыментам не толькі ў вобласці стварэння новых смяротных сістэм узбраенняў, але і ў антрапалагічнай плоскасці.

Пасля выступленняў дакладчыкаў адбылася навуковая дыскусія па тэме круглага стала.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by