У Івянцы адкрыўся Другі міжнародны мастацкі пленэр «Святасць зямлі беларускай»
03 мая 20173 мая 2017 года ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна адбылося адкрыццё Другога міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі беларускай», прысвечанага кнігадрукаванню і ролі хрысціянства ў гісторыі беларускай кнігі. Цырымонію адкрыцця ўзначаліў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.
Урачыстая частка пачалася з малебна перад пачаткам усякай добрай справы ў Івянецкім храме прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. Набажэнства здзейсніў епіскап Павел у саслужэнні сакратара епархіяльнага ўпраўлення протаіерэя Віталя Багданёнка і настаяцеля храма протаіерэя Віктара Перагудава.
На набажэнстве прысутнічалі: начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч, старшыня Івянецкага пасялковага выканкама Тэрэса Яўгенаўна Ліпніцкая, старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сямёнавіч Сітніца, дырэктар Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч, мастакі — удзельнікі пленэру, навучэнцы Івянецкай сярэдняй школы, прыхаджане храма.
Па заканчэнні набажэнства епіскап Павел звярнуўся з павучальным словам да ўдзельнікаў пленэру і падаў ім архіерэйскае благаславенне.
Далей святары і мастакі наведалі Івянецкі дом-інтэрнат, дзе выхаванцы прадставілі ўвазе ганаровых гасцей невялікі святочны канцэрт. Па заканчэнні канцэрту епіскап Павел звярнуўся да прысутных са словамі падзякі і паднёс у дар інтэрнату карціну з выявай аднаго з храмаў Маладзечанскай епархіі, а таксама набор літаратуры для дзяцей.
Таксама з прывітальным словам да прысутных у зале звярнуўся старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца.
У канцы дня госці наведалі этнасядзібу «Ігліца», размешчаную ў Налібоцкай пушчы.