У кінатэатрах адзінаццаці гарадоў Беларусі выйшаў у пракат поўнаметражны анімацыйны фільм «Забыты цуд» аб прападобным Сергіі Раданежскім
21 ліпеня 2022У кінатэатрах адзінаццаці гарадоў Беларусі выйшаў у пракат поўнаметражны анімацыйны фільм «Забыты цуд». Выхад мультфільма прымеркаваны да святкавання 600-годдзя знойдзення мошчаў прападобнага Сергія Раданежскага — найважнейшай падзеі ў гісторыі Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры і Рускай Праваслаўнай Царквы.
Фільм дэманструецца ў кінатэатрах Мінска, Гомеля, Гродна, Віцебска, Брэста, Магілёва, Баранавічаў, Оршы, Жлобіна, Калінкавіч і Мазыра.
З датамі і часам сеансаў можна азнаёміцца па спасылцы.
«Забыты цуд» — сумесны праект анімацыйнай студыі «Паравоз», Маскоўскай духоўнай акадэміі, Сьвята-Троіцкай Сергіевай лаўры і Дзяржаўнай карпарацыі «Ростех».
Фільм распавядае пра тое, як аднакласнікі Дзіма, Насця і Гоша збягаюць ад экскурсійнай групы ў Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры і адпраўляюцца самастойна даследаваць яе ў пошуках скарбаў. У адной з вежаў манастыра дзеці выпадкова выяўляюць чароўны партал, які пераносіць іх у мінулае. З гэтага моманту іх асноўная мэта — вярнуцца дадому. Каб гэта зрабіць, ім давядзецца прайсці праз «Цудоўны лес» XIV стагоддзя часоў мангольскага прыгнёту. Дапамагаць аднакласнікам будзе прападобны Сергій Раданежскі. Пераадольваючы выпрабаванні, героі мультфільма спасцігаюць каштоўнасць дружбы, пераглядаюць сваё стаўленне да прагнасці, гордасці і баязлівасці, вучацца прыходзіць адно аднаму на дапамогу.
Творчая каманда фільма на працягу чатырох гадоў супрацоўнічала з Маскоўскай духоўнай акадэміяй і Троіца-Сергіевай Лаўрай, каб падабраць правільныя інтанацыі і закрануць тонкія струны дзіцячай душы, знайсці прыдатныя словы, вобразы і з дапамогай выразнай мастацкай мовы данесці важнасць агульначалавечых каштоўнасцяў: спагады, шчырасці, адвагі, гатоўнасці дапамагчы і падтрымаць у цяжкую хвіліну.
Рэдактар фільма, намеснік рэктара Маскоўскай духоўнай акадэміі святар Анатоль Колат адзначыў: «Прападобны Сергій — адзін з самых любімых святых у асяроддзі праваслаўных людзей. Мы хочам пазнаёміць з ім і тых, хто не адносіцца да царкоўнай аўдыторыі або зусім не з'яўляецца праваслаўным хрысціянінам. У нашым мульціку дзіўна спалучаецца свецкая сучасная аўдыё-візуальная стылістыка з аўтэнтычным царкоўным матэрыялам, пры гэтым ён захоплівае з першых жа хвілін!»
«Напэўна, гэта можна прызнаць паспяховым вынікам супрацоўніцтва прафесіяналаў студыі «Паравоз», Троіца-Сергіевай лаўры і Маскоўскай духоўнай акадэміі і... дзяцей. Прызнаюся шчыра, на працягу ўсіх чатырох гадоў працы над фільмам маёй галоўнай фокус-групай былі мае ж шасцёра дзяцей, якія былі гатовыя глядзець усё — ад анімаціка да фінальнага мантажу. Нягледзячы на тое, што мы разам паглядзелі ўвесь мультфільм сотні разоў, цяпер яны з нецярпеннем чакаюць прэм'еры ў кінатэатры», — дадаў айцец Анатоль.
Дынамічная і яркая анімацыя ў сучасным візуальным стылі арыентавана на сямейны прагляд, узроставая катэгорыя 6+. Для стварэння атмасферы мінулых стагоддзяў пры выбары каляровага рашэння аўтары натхняліся эстэтыкай рускага жывапісу.