У кінатэатры горада Беразіно адбудзецца паказ фільма «Прасвітар Брадзецкі» пра новамучаніка Леаніда Біруковіча
29 сакавіка 20214 красавіка 2021 года ў кінатэатры «Юбілейны» горада Беразіно пакажуць дакументальны фільм рэжысёра Дзмітрыя Арцюха пра новамучаніка Леаніда Біруковіча «Прасвітар Брадзецкі».
Дзеянні 25-хвіліннай тэлестужкі перанясуць гледача ў 1806-ы, 1899-ы, 1937-ы гады, нагадаюць аб складаным перыядзе ў гісторыі Беларусі — багаборчасці. Але фільм не толькі пра гэта. У цэнтры ўвагі жыццё сельскага святара Леаніда Біруковіча, які пацярпеў за веру ў Бога. А яшчэ фільм сведчыць аб тым, што нельга губляць надзею. Кожны, хто жыве сёння, спадзеючыся на Бога, здольны зрабіць свет лепшым. Будучыня ў нашых руках!
Праца над фільмам «Прасвітар Брадзецкі» вялася больш за два гады. Ён здымаўся ў аграгарадках Сяліба і Брадзец (Бярэзінскі раён), гарадах Беразіно, Барысаў, Мінск, урочышча Курапаты (Мінскі раён).
Над фільмам працавалі: аўтар ідэі і рэжысёр Дзмітрый Арцюх, аператар-пастаноўшчык Андрэй Дук, мастак Святлана Цывілька, кампазітар Людміла Янко, гукарэжысёр Аляксей Машчанікаў, відэаінжынер Міхаіл Краўцоў, дызайнер Вера Мусіенка, духаўнік праекта — іерэй Аляксій Маслянкоў, настаяцель храма велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў аграгарадку Сяліба.
Фільм дэманстраваўся на тэлеканале «Спас» і «Саюз», на кінафестывалях «Святы Уладзімір» (Севастопаль), «Прамяністы Ангел» (Масква), «Пакроў» (Кіеў), «Сустрэча» (Обнінск). Кінафестываль «Пакроў» адзначыў працу дыпломам «За лепшую гукарэжысуру».
Пачатак паказу ў 14.00. Уваход вольны.