У калекцыі экспанатаў царкоўна-археалагічнага музея МінДС новае папаўненне

26 мая 2018

У маі 2018 года збор царкоўна-археалагічнага музея Мінскай духоўнай семінарыі папоўніўся новымі экспанатамі, якія будуць прадстаўлены ў адной з ужо дзеючых музейных залаў.

Неацэнным набыткам для семінарскага музея стаў ліст прападобнамучаніка Серафіма (Шахмуця; 1901-1946) да сваёй духоўнай дачкі інакіні Вольгі (Дуброўскай), насельніцы Жыровіцкага (затым Полацкага) манастыра. Ліст напісаны ў перыяд з канца 1939 па сярэдзіну 1941 гадоў, калі прападобнамучанік Серафім ужо вярнуўся з парафіяльнага служэння ў вёсцы Курашова (цяпер Гайнаўскі павет Падляскага ваяводства, Рэспубліка Польшча) і жыў у Жыровіцкім манастыры.

555-1.jpg

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Іншым каштоўным набыццём сталі фатаграфічныя партрэты Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена (Ізвекава; 1910-1990) і архімандрыта (пасля архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага) Канстанціна (Хоміча; 1911-2000), намесніка Жыровіцкага манастыра ў 1970-1987 гады. Фатаграфічныя партрэты перадаў у дар царкоўна-археалагічнаму музею Мінскай духоўнай семінарыі архімандрыт Сергій (Брыч), кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі.

777-1.jpg

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Новыя экспанаты будуць прадстаўлены ў чацвёртай зале царкоўна-археалагічнага музея, прысвечанай гісторыі Жыровіцкага манастыра.

888.jpg

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Адміністрацыя Мінскай духоўнай семінарыі выказвае сваю шчырую ўдзячнасць ахвяравальнікам, дзякуючы якім адбываецца захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў і становіцца магчымым развіццё музейнай справы.

***

Царкоўна-археалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі створаны ў 2014 годзе па ініцыятыве рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. У цяперашні час музей уключае чатыры залы, прысвечаныя гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, гісторыі Жыровіцкага манастыра, царкоўнаму мастацтву XII-XX стагоддзяў, рукапісным і старадрукаваным кнігам XVI-XVIII стагоддзяў. Загадчык музея — прарэктар па навуковай рабоце А. В. Слесараў.

МінДС / Church.by