У крыпту Усіхсвяцкага храма закладзена капсула з зямлёй з месцаў бітваў на Курскай дузе
16 жніўня 201816 жніўня 2018 года ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх святых у горадзе Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі капсулы з зямлёй, прывезенай з месцаў бітваў на Курскай дузе.
Цырымонію ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Удзел у мерапрыемстве прынялі: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, ганаровыя госці з Расійскай Федэрацыі, а таксама прадстаўнікі традыцыйных рэлігій і канфесій Беларусі.
Мерапрыемства было прымеркавана да 75-годдзя перамогі ў Курскай бітве, якое будзе адзначацца 23 жніўня 2018 года. У Мінск капсулу з зямлёй даставіў Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятровіч Папкоў, які таксама з'яўляецца кіраўніком беларускай часткі Сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве з Курскай вобласцю. Збор зямлі быў ажыццёўлены ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі Адміністрацыі Курскай вобласці.
У пачатку цырымоніі з кароткім уступным словам да прысутных звярнуўся настаяцель храма-помніка ў гонар Усіх святых протаіерэй Феадор Поўны.
Удзельнікаў урачыстага мерапрыемства вітаў мітрапаліт Павел. Архипастыр заклікаў усіх памаліцца аб загінуўшых абаронцах Айчыны, аб тым, каб Гасподзь благаславіў мирам нашы народы і замірыў нашы сэрцы. Паводле слоў уладыкі, капсула з зямлёй, дастаўленай з месцаў, дзе 75 гадоў таму назад ішлі баі, стане сімвалам духоўнага адзінства народаў Беларусі і Расіі, напамінам аб трагічных старонках нашай агульнай гісторыі, перасцярогай і заклікам захоўваць мір для будучых пакаленняў.
Патрыяршы Экзарх узнёс малітву аб спачыне воінаў, загінуўшых у баях на Курскай дузе. Хор «Усіхсвяцкі» выканаў «Вечную памяць», пасля чаго ўладыка Экзарх і Міністр сувязі ажыццявілі закладку капсулы ў спецыяльную нішу.
Далей з прывітальным словам да ўсіх звярнуўся Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Папкоў.
Мітрапаліт Павел пагутарыў з ветэранамі, якія прыбылі на цырымонію, сардэчна падзякаваў ім за ратны подзвіг, пажадаў здароўя і даўгалецця і падаў архіпастырскае благаславенне.
Адбыўся тэлемост «Мінск — Курск» з удзелам выконваючай абавязкі губернатара Курскай вобласці Юліі Аляксандраўны Ціпікінай, мітрапалітам Курскім і Рыльскім Германам, членам Парламенцкага Сходу Расіі і Беларусі Вольгай Міхайлаўнай Германавай, старшынёй Савета ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў Курскай вобласці Валерыем Васільевічам Сундуковым, а таксама ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны — жыхарамі Курска.
Затым слова для прывітання было прадастаўлена прадстаўнікам Рыма-Каталіцкай Царквы, іудаізму і ісламу.
У завяршэнне ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых герояў ускладаннем кветак.