У Лідскай епархіі адбылася рэгіянальная нарада па пытаннях узаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і свецкіх устаноў адукацыі
18 жніўня 202117 жніўня 2021 года ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Ліды адбылася рэгіянальная нарада для спецыялістаў органаў кіравання сістэмы адукацыі, якія курыруюць пытанні супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Узначаліў пасяджэнне епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі ўстаноў адукацыі з усіх пяці раёнаў Гродзенскай вобласці, якія знаходзяцца на кананічнай тэрыторыі Лідскай епархіі.
Цэнтральнай падзеяй нарады стала выступленне старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, настаяцеля прыхода храма ў гонар Усіх святых у горадзе Мінску протаіерэя Фёдара Поўнага. Ён падзяліўся сваім поглядам на выхаванне духоўнасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення. У другой частцы свайго даклада протаіерэй Фёдар распавёў аб новым школьным факультатыўным курсе «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» і прадставіў падручнік для гэтага факультатыва, наглядныя дапаможнікі, распавёў аб прынцыпах іх укаранення ў школу. Старшыня Сінадальнага аддзела ў якасці навучальнага дапаможніка прадэманстраваў настольны лялечны тэатр — разборную «Батлейку». Прывезеную батлейку святар перадаў у дар адной са школ Лідскага раёна.
Пасля мерапрыемства сталічны госць наведаў сярэднюю школу №13 горада, у якой азнаёміўся з вопытам выхавання ў школе дзяцей на праваслаўных традыцыях беларускага народа. У падарунак школе айцец Фёдар перадаў Святое Евангелле, а таксама запрасіў адміністрацыю школы, педагогаў і навучэнцаў наведаць з экскурсіяй Усіхсвяцкі храм-помнік горада Мінска.