У Мінск з Нью-Ёрка прынесены часцінкі мошчаў прападобнамучаніц вялікай княгіні Лізаветы і інакіні Варвары

30 мая 2019

top.jpg

Да 6 чэрвеня ў Мінску будзе знаходзіцца каўчэг з правіцай святой прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы і часцінкай мошчаў прападобнамучаніцы інакіні Варвары. У беларускую сталіцу вялікая святыня прынесена са Знаменскага Сінадальнага сабора горада Нью-Ёрка.

Даставілі каўчэг ключнік сабора протаіерэй Андрэй Сомер і прадстаўнікі моладзевай асацыяцыі святога князя Уладзіміра. Сустрэчу святыні ў Свята-Духавым кафедральным саборы ўзначаліў епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі.

У ЗША каўчэг з правіцай святой Лізаветы і часткай мошчаў святой Варвары знаходзіцца з 1981 года. Святыню перанеслі з Гефсіманіі пасля здабыцця мошчаў вялікай княгіні Лізаветы і інакіні Варвары і іх кананізацыі ў ліку святых Рускай Праваслаўнай Зарубежнай Царквой (у 1992 годзе кананізаваныя Рускай Праваслаўнай Царквой).

Вялікая княгіня Лізавета (1864 — 1918) была Гесэнскай прынцэсай і прыходзілася ўнучкай каралеве Вялікабрытаніі Вікторыі. Яна стала жонкай вялікага князя Сяргея Аляксандравіча Раманава і так звязала сваё жыццё з Расіяй. Яе мужа ў 1905 годзе забіў тэрарыст. Пасля гэтай трагічнай падзеі вялікая княгіня прысвяціла сябе служэнню Богу і людзям. У 1909 годзе яна заснавала ў Маскве Марфа-Марыінскую абіцель міласэрнасці. У ноч на 18 ліпеня 1918 года бальшавікі забілі вялікую княгіню Лізавету, інакіню Варвару, членаў роду Раманавых і блізкіх да іх людзей, скінуўшы ў шахту пад Алапаеўскам. Астанкі мучаніц Марыі і Варвары ў 1921 годзе былі прывезены ў Іерусалім, і з таго часу яны знаходзяцца ў храме роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.

Святая Лізавета — адна з найвялікшых падзвіжніц ХХ стагоддзя. Лекары, супрацоўнікі сацыяльных служб і дабрачынцы лічаць яе сваёй нябеснай заступніцай. Ёй моляцца за дзяцей, аб благаславенні сям'і, у хваробах і любых жыццёвых сітуацыях просяць яе духоўнай дапамогі.

Прынясенне каўчэга з правіцай святой прападобнамучаніцы ажыццяўляецца па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, пры падтрымцы Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Разам са святыняй праваслаўная моладзь ЗША прывезла сродкі для дзяцей-інвалідаў рэабілітацыйнага цэнтра «Самаранін» у горадзе Пінску. Летась Моладзевая асацыяцыя святога князя Уладзіміра дапамагла Мінскаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. За кошт сабраных сродкаў на тэрыторыі інтэрната быў створаны сэнсарны сад і кантактны заапарк.

Час і месцы знаходжання святыні ў Мінску:

  1. Свята-Духаў кафедральны сабор (вул. Кірыла і Мяфодзія, 3):

30 мая (чацвер) з 6:00 да 16:00.

  1. Лізавецінскі манастыр, храм у гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» (вул. Выгоцкага, 6):

з 30 мая (чацвер) да 6 чэрвеня (чацвер) з 7:00 да 22:00 (30 мая з 17:00 да 22:00).

У дні знаходжання святыні ў Лізавецінскім манастыры будзе працаваць прэс-цэнтр: +375 (29) 270 44 94; +375 (29) 185 47 88 (Валянціна Аляксееўна Сцяпанава).

Сhurch.by

Фотарэпартаж