У Мінску малітоўна адзначылі дзень нараджэння мітрапаліта Філарэта

21 сакавіка 2017

top.jpg

21 сакавіка 2017 года споўнілася 82 гады з дня нараджэння мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

У гэты дзень па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі, епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній ў саслужэнні клірыка Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска протадыякана Уладзіміра Назарава здзейсніў у дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар Сабора Беларускіх святых падзячны малебен, падчас якога былі ўзнесены асаблівыя прашэнні аб здароўі мітрапаліта Філарэта.

За богаслужэннем маліліся: мітрапаліт Філарэт, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; архімандрыт Сергій (Брыч), кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі; святары Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі і супрацоўнікі Сінадальных аддзелаў Беларускага Экзархату і службаў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, праваслаўныя мінчане.

На богаслужэнні прысутнічала Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам Анастасіі Цімафеевай.

Па завяршэнні малебна Наталля Качанава зачытала віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з нагоды дня нараджэння мітрапаліта Філарэта.

«Многія гады Вы прысвяцілі ўмацаванню ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, сапраўднага гуманізму і маральнасці, нястомна накіроўвалі свае сілы на захаванне міру і згоды ў нашай краіне, сцвярджэнне хрысціянскіх каштоўнасцей, адраджэнне і прымнажэнне праваслаўных традыцый», — адзначаецца, у прыватнасці, у віншаванні Кіраўніка дзяржавы.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, абвясціў віншавальны адрас Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Вы цалкам прысвяцілі сваё жыццё працы на ніве Хрыстовай. Выконваючы розныя царкоўныя послухі, ускладзеныя на Вас свяшчэннаначаллем, Вы заўсёды імкнуліся, каб слова Божае расло і пашыралася (гл. Дзеян. 12: 24). Перыядам асаблівай стваральнай працы сталі гады кіравання Вамі Беларускай Праваслаўнай Царквой. Нямала сіл і працы было Вамі пакладзена для духоўнага адраджэння і ўмацавання Белай Русі. Сваёй нястомнай працай і дзейснай пропаведдзю любві да Бога і бліжніх Вы здабылі высокі аўтарытэт і павагу не толькі сярод вернікаў, але і ў свецкім грамадстве. Для многіх вернікаў Вы былі і застаяцеся прыкладам мудрага упраўніка, добрага архіпастыра і руплівага малітоўніка за Беларускі народ», — гаворыцца ў тэксце віншавання.

У слове ў адказ мітрапаліт Філарэт сардэчна падзякаваў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта, мітрапаліту Паўла, архіпастырам, духавенству і набожным міранам за віншаванні і добрыя пажаданні.

«Любіце адзін аднаго! Умацуй вас Гасподзь на шляху дзейснай любві!» — сказаў на заканчэнне Ганаровы Патрыяршы Экзарх.

Мітрапаліт Філарэт падаў вернікам архіпастырскае благаславенне, уручыў кожнаму царкоўны каляндар на бягучы год і салодкі падарунак.  

Church.by

Фотарэпартаж