У Мінску з'явіўся новы праваслаўны прыход у гонар святой роўнаапостальнай Ніны, які будзе акармляць людзей з ДЦП і іх сем'і
14 лістапада 2022У Мінску з'явіўся новы праваслаўны прыход у гонар святой роўнаапостальнай Ніны. Абшчына аб'яднала жыхароў Фрунзенскага раёна сталіцы, якія пражываюць пераважна на вуліцы Харкаўскай. Жылы квартал даволі шырокі, ён размешчаны паміж станцыямі метро «Маладзёжная» і «Пушкінская».
Працы па арганізацыі прыходскага жыцця абшчыны святой роўнаапостальнай Ніны па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, нясе яе настаяцель — іерэй Аляксандр Грэчышнікаў.
Малады прыход узяў на сябе важнае сацыяльнае служэнне па акармленні хворых з дзіцячым цэрэбральным паралічам і іх сем'яў. 11 лістапада 2022 года паміж прыходам і тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна горада Мінска было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое дазволіць каардынаваць дзеянні па рэабілітацыі хворых з дзіцячым цэрэбральным паралічам. Пагадненне прадугледжвае духоўнае акармленне, аказанне псіхалагічнай дапамогі, арганізацыю дапамогі людзям-інвалідам з дыягназам дзіцячы цэрэбральны параліч і іх блізкім.
Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Куіш Таццяна Анатольеўна адзначыла: «Для нас і нашых падапечных вельмі важна знайсці ў асобе святара падтрымку. Такім для нас аказаўся айцец Аляксандр Грэчышнікаў, які шырока адкрыў сваё сэрца для людзей з дзіцячым цэрэбральным паралічам».
У маладога прыхода вялікія планы. Зараз вырашаецца пытанне аб прадастаўленні вялікага часовага памяшкання, дзе можна будзе праводзіць набажэнствы і працаваць з хворымі з дзіцячым цэрэбральным паралічам. Рыхтуюцца дакументы для адводу зямлі пад будаўніцтва храма святой роўнаапостальнай Ніны. Парафія таксама распачала працу з дзяржаўнай навуковай установай «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» па пытаннях гістарычнай спадчыны святой роўнаапостальнай Ніны.
***
Святая роўнаапостальная Ніна, асветніца Грузіі, нарадзілася прыкладна ў 280 годзе ў Кападокіі. Яе бацькі былі хрысціянамі, прычым бацька быў у сваяцтве з вялікамучанікам Георгіем Перамаганосцам, а дзядзька па маці Ювеналій быў Патрыярхам Іерусалімскім. Пасля таго, як яе бацька стаў пустэльнікам, а маці была пасвячана ў дыяканісы храма Гроба Гасподняга, маладую дзяўчыну аддалі пад апеку адной набожнай пажылой жанчыне, якая і выхавала яе.
Аднойчы гэтая настаўніца распавяла Ніне пра лёс хітона Гасподняга, які паводле падання знаходзіцца дзесьці ў Іверыі (цяперашняй Грузіі). Ніна захацела знайсці гэтую святыню для Царквы, а калі даведалася, што Грузія ўсё яшчэ не ведае хрысціянскай веры, то стала маліць Багародзіцу, каб Яна дапамагла ёй стаць весніцай Слова Божага сярод язычнікаў і знайсці неацэнную рэліквію для Царквы. І Дзева Марыя пачула яе шчырую малітву: У сне Прачыстая з'явілася дзяўчыне і, уручыўшы ёй крыж сплецены з вінаграднай лазы, благаславіла на апостальскае служэнне ў далёкай чужой краіне.
Хутка падчас ганенняў Дыяклетыяна, святая Ніна пакінула радзіму і апынулася ў Іверыі. Тут Ніна жыла і прапаведавала так, што яшчэ пры яе жыцці паганская Грузія стала хрысціянскай краінай. Святая знайшла хітон Госпада і пабудавала на гэтым месцы першую ў Грузіі царкву. Неўзабаве з Канстанцінопаля прыбылі епіскап і свяшчэннікі. Вера Хрыстова імкліва распаўсюджвалася сярод людзей, а сама Ніна, убачыўшы вынікі сваёй пропаведзі, пайшла ў горы. Тут у блажэннай адзіноце яна малілася і дзякавала Богу за міласць і за ўсё жыццё, напоўненае святлом веры. Скончыўшы сваю 35-гадовую пропаведзь, святая роўнаапостальная Ніна дажыла да старасці і мірна спачыла. Мошчы яе цяпер знаходзяцца у Бадбійскім манастыры Грузіі.