У Мінску ўпершыню прайшоў форум «Сям'я: сёння, заўтра і заўсёды»

18 мая 2021

top.jpg

15 мая 2021 года, у Міжнародны дзень сям'і, у Мінску адбыўся першы форум «Сям'я: сёння, заўтра і заўсёды», арганізаваны Сінадальнай камісіяй па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Форум праходзіў у рэжыме анлайн, у ім прымалі ўдзел адказныя за працу з сям'ёй святары з Беларусі, Расіі і Украіны, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, выкладчыкі медыцынскіх устаноў адукацыі, прадстаўнікі юрыдычных і сацыяльных устаноў, грамадскіх арганізацый.

Галоўная ідэя форуму — аб'яднаць намаганні праваслаўных арганізацый у справе падтрымкі сям'і, абароны мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, прасоўвання хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў і традыцый, зрабіць яшчэ больш даступным лепшы вопыт практычнай працы з сем'ямі розных катэгорый.

Мадэратарам форуму выступіў старшыня Сінадальнай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай Праваслаўнай царквы протаіерэй Павел Сярдзюк.

З прывітаннем да ўдзельнікаў вялікай сустрэчы ў відэафармаце звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. «Моцная сям'я — аснова моцнага грамадства, — падкрэсліў ён. — Не трэба вынаходзіць новае ў надзеі, што яно перасягне старое. Менавіта традыцыйныя каштоўнасці, якія складваліся стагоддзямі, і ёсць тое багацце, якое трэба захаваць і ўкласці ў падмурак будучыні». Яго Высокапраасвяшчэнства выказаў надзею на тое, што новы форум будзе расці і развівацца з кожным годам і паспрыяе плённаму супрацоўніцтву і кансалідацыі намаганняў Царквы, дзяржавы і грамадства на карысць сям'і.

Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што Міністэрства заняло актыўную пазіцыю ў прафілактыцы абортаў і пачало працу па падрыхтоўцы моладзі да сямейнага жыцця. «Упэўнены, што агульная мэта аб'яднае нас і стане залогам творчых і дзелавых сустрэч у будучыні», — сказаў міністр.

Старшыня Патрыяршай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Фёдар Лук'янаў перадаў удзельнікам форуму благаславенне Свяцейшага Патрыярха Кірыла і падкрэсліў, што ў Рускай Праваслаўнай Царкве велізарнае значэнне надаецца падтрымцы сям'і.

«Дэмаграфічная праблема — гэта праблема, ад рашэння якой залежыць наша будучыня, — сказаў протаіерэй Фёдар Лук'янаў. — Разам з тым з года ў год у публічнай прасторы дыскрэдытуецца сямейнае жыццё, якое паўстае як тое, што змяншае ўзровень персанальнага камфорту. На змену сям'і як калыскі жыцця прапануюцца новыя рэпрадуктыўныя тэхналогіі, у прыватнасці сурагатнае мацярынства з дапамогай якога ажыццяўляецца гандаль дзецьмі».

Старшыня Патрыяршай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства заклікаў удзельнікаў форуму падумаць над стварэннем міждзяржаўнай канвенцыі аб абароне сям'і, якая будзе садзейнічаць на палітычным узроўні абароне правоў чалавека з моманту зачацця, права на абарону сям'і, асноватворных правоў бацькоў на выхаванне і адукацыю дзяцей, правы дзіцяці мець бацьку і маці.

Святлана Белаш, кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, адзначыла, што пытанні сям'і не губляюць актуальнасці і сёння стаяць у прыярытэце сацыяльнай палітыкі.

«80% насельніцтва Беларусі сёння пражывае ў сем'ях, а слова «сям'я» па выніках апытання ў большасці насельніцтва краіны асацыюецца з дзецьмі. На другім месцы ідзе любоў, а на трэцім дом. На сёння кожная трэцяя сям'я з дзецьмі двухдзетная, а працэнт шматдзетных расце з кожным годам і на сёння складае 9,2% і перавышае 114 тыс. Лідарам шматдзетнасці з'яўляецца Брэсцкая вобласць, у якой больш за іншых вылучаецца Столінскі раён», — распавяла прадстаўнік міністэрства.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шыпула выступіў з дакладам-прэзентацыяй аб статусе і замацаванні правоў маладых грамадзян. Да маладых людзей у Беларусі адносяць асоб ва ўзросце ад 14 да 31 года. Аляксандр Валер'евіч распавёў аб канстытуцыйнай абароне правоў маладых грамадзян і шматлікіх мерапрыемствах, якія рэалізуе дзяржава.

Госці з Украіны протаіерэй Мікалай Магільны, настаяцель Кіеўскага храма святой Анастасіі Аковазбавіцелькі, і яго жонка Вікторыя, якія вядомыя сваімі публікацыямі, лекцыямі, семінарамі і вэбінарамі аб шлюбным жыцці, распавялі аб сваім вопыце і асноўных пытаннях, якія закранае іх аўдыторыя.

«Штампаў, якія адцягваюць нас ад прамога шляху, вельмі шмат. Шмат кажуць цяпер аб самаацэнцы і асабістых межах. І кажуць, здавалася б, вельмі правільныя рэчы. Але сумленне бянтэжыцца. Апошнія два стагоддзі ў доступе розная інфармацыя, але людзі не сталі больш шчаслівымі. І пра гэта кажа няўмольная статыстыка: колькасць разводаў усё расце. Веды — гэта, вядома, прыступка да гармоніі шлюбу, але без Евангелля, без цэменту, нічога пабудаваць не атрымаецца», — адзначылі выступоўцы.

Протаіерэй Павел Сярдзюк праінфармаваў аб арганізаваным Сінадальнай камісіяй анлайн-курсе для жанчын праваслаўных святароў «Духоўныя асновы сям'і і шлюбу», слухачкамі якога сталі 115 жанчын.

У другой частцы форуму адбыўся абмен практычным вопытам. Свае выступленні прэзентавалі супрацоўнікі праваслаўных цэнтраў абароны сям'і і мацярынства, Мінскага гарадскога цэнтра дапамогі сям'і і дзецям, шэрагу іншых арганізацый.

У рамках мерапрыемства таксама адбылося ўзнагароджанне актыўных выкладчыкаў, навукоўцаў, сацыяльных работнікаў і журналістаў, дзейнасць якіх накіравана на прасоўванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і падтрымку сям'і.

У будучыні форум «Сям'я: сёння, заўтра і заўсёды» плануецца праводзіць штогод.

pro-life.by/Church.by