У Мінскай духоўнай акадэміі была выканана сімфанічная араторыя мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна «Страсці паводле Матфея»

06 красавіка 2017

top.jpg

5 красавіка 2017 года па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі была выканана сімфанічная араторыя мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна «Страсці паводле Матфея».

Араторыю выканалі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь (дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў), Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы (мастацкі кіраўнік — народная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Яфімава), Мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора (рэгент — Віталь Сабалеўскі).

Канцэрт адбыўся ў рамках праграмы «Музычнае прынашэнне», прысвечанай 20-годдзю міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла». Суарганізатарамі мерапрыемства выступілі МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр», Мінская духоўная акадэмія і Брацтва ў гонар трох Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.

У зале сабралася мноства мінчан і ганаровыя госці, у тым ліку дырэктар Дэпартамента па гуманітарнай дапамозе Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Скакун, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архіепіскап Габар Пінтэр, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар з жонкай, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі з жонкай, заснавальнік і першы генеральны дырэктар ЗАТ «Галаграфічная індустрыя» Леанід Танін з жонкай, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі Васіль Смычак з жонкай, старшыня праўлення ГА «Беларускі саюз музычных дзеячаў» Міхаіл Дрынеўскі і іншыя.

Сярод гледачоў знаходзіліся прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім Экзархаце архімандрыт Васіян (Змееў), старшыня прыходскага савета Свята-Духава кафедральнага сабора протаіерэй Мікалай Балахоўскі, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкіх карпарацый Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Адкрываючы канцэрт, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) перадаў усім прысутным прывітанне і благаслаўленне Патрыяршага Экзарха і нагадаў, што цяперашняе выкананне «Страсцей паводле Мацфея» праходзіць напярэдадні Страснога тыдня — тыдня, прысвечанага ўспаміну пакутаў і смерці Хрыста, прынятых Ім дзеля выратавання чалавецтва. З заключным словам выступіў старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр» іерэй Святаслаў Рагальскі, які адзначыў, што Евангелле з'яўляецца невычэрпнай крыніцай творчага натхнення, а таксама выказаў сардэчную падзяку маэстра Аляксандру Анісімаву і ўсім, хто прыняў удзел у выкананні араторыі.

Асаблівасцю выканання араторыі «Страсці паводле Матфея» ў Мінску стала чытанне Евангелля на беларускай мове. Са сцэны прагучалі фрагменты Евангелля паводле Матфея ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе ў азнаменаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Біблейская камісія завяршыла шматгадовую працу па перакладзе Новага Запавету на беларускую мову. У хуткім часе пераклад будзе выдадзены. 

Church.by